спазня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да спазніцца.
спаі́ць, спаю, споіш, споіць; зак., каго-што.
1. Даць выпіць, выкарыстаць як піццё для каго‑н. Спаіць каню вядро вады.
2. Разм. Напаіць дап’яна. Было вырашана спаіць Кёрынга. Але ён катэгарычна адмовіўся шмат піць. Дзенісевіч.
3. Разм. Прывучыць да пастаяннага п’янства, зрабіць п’яніцам (п’яніцай). — Не паспеў чалавек і асвойтацца, а вы яго ўжо спаіць хочаце. Гаўрылкін.
спай, ‑ю, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. спайваць — спаяць (у 1 знач.) і стан паводле дзеясл. спайвацца — спаяцца (у 1 знач.).
2. Тое, што і спайка (у 2 знач.).
спа́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць.
спа́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спаяцца.
2. Зал. да спайваць.
спа́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спаяць.
спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.
2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».
3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.
4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.
спа́йнасць, ‑і, ж.
Спец. Здольнасць крышталяў падзяляцца на лістападобныя палосы.
спа́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які валодае спайнасцю.
спа́йшчык, ‑а, м.
Спец. Рабочы, які займаецца спайкай.