Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сало́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салона (у 1, 2 знач.). Салоннае выхаванне. // Які прыняты ў салоне, такі, як у салоне. Салонныя танцы. Салонная спрэчка.

2. Разлічаны на густы салона (у 2 знач.); лёгкі, павярхоўны, без зместу, пусты. Салонная паэзія. □ Сцёпка Мякіш сказаў чамусьці не проста дзякую, а па-польску — дзенькуе, што павінна было азначаць нешта блізкае да колішняга салоннага мерсі. Брыль.

сало́ны 1, ‑аў; адз. салон, ‑а, м.

Народнасць тунгуса-маньчжурскай (эвенкійскай) этнічнай групы, якая жыве ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

сало́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Абл. Салёны. — Люблю скваркі салоныя, — сказаў.. [Тамаш], кусаючы блінец. Чорны.

сало́ўка, ‑і, м.

Разм. Памянш.-ласк. да салавей. Зацёхкаў салоўка, зязюля лічыла на сонных палянках прыморскія дачы. Вялюгін. Салоўка пяе адвечную песню кахання, і трэлі яго нясуцца па ўсім лузе. Бядуля.

сальварса́н, ‑у, м.

Прэпарат з арганічнага злучэння мыш’яку, які выкарыстоўваецца для лячэння сіфілісу, малярыі, зваротнага тыфу.

[Ням. Salvarsan.]

сальві́ніевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сальвініі, належыць ёй. Сальвініевае сцябло.

2. у знач. наз. сальві́ніевыя, ‑ых. Род вадзяных раслін тыпу разнаспоравых папаратнікаў.

сальві́нія, ‑і, ж.

Вадзяная аднагадовая травяністая расліна сямейства сальвініевых; вадзяная папараць. Для Палесся таксама характэрна прысутнасць такіх рэдкіх рэліктавых відаў раслін, як вадзяны арэх, альдраванда, сальвінія і жоўты рададэндран. «Весці».

са́льда, нескл., н.

Спец. Астатак, розніца паміж прыходам і расходам рахунку. Сальда гандлёвага балансу.

[Іт. saldo.]

сальдава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сальдаваць.

сальдава́цца, ‑дуецца; незак.

Зал. да сальдаваць.

сальдава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., што.

Спец. Вызначыць (вызначаць) сальда. Сальдаваць рахунак.