Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спажыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спажыць.

спажыва́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер ад спажываць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Такі, які толькі спажывае сельскагаспадарчыя прадукты, але не робіць іх, або робіць у недастатковай колькасці (пра раён, вобласць і інш.).

3. Дзеепрысл. незак. ад спажываць.

спажыве́ц, ‑жыўца, м.

1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».

2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.

3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.

спажыве́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спажыўца. Спажывецкі попыт.

2. Які служыць для задавальнення якіх‑н. патрэб. Спажывецкія тавары. Спажывецкая кааперацыя. □ Тут некалі былі склады раённага спажывецкага саюза. Лынькоў.

3. перан. Характэрны для чалавека, які імкнецца задаволіць толькі ўласныя патрэбы. Адкуль усё-такі ў некаторых падлеткаў спажывецкія адносіны да жыцця? «Маладосць». Стафанковіч выхаваў свайго сына эгаістам, сябелюбцам, чалавекам са спажывецкімі адносінамі да жыцця. Луфераў.

•••

Спажывецкая вартасць гл. вартасць.

спажы́так, ‑тку, м.

1. Тое, што служыць для харчавання, для ежы. Тры сыны былі ў мамы, тры сыны былі ў таты. Разумелі ўжо і самі, што пара шукаць занятак. Бо адкуль бацькі старыя будуць браць для іх спажытак? Дубоўка.

2. перан. Карысць, каштоўнасць. Спажытак ад мастацтва, вядома, не той, што ад матэрыяльных рэчаў, сцвярджае «Апокрыфам» паэт [М. Багдановіч], але гэты спажытак — такая ж рэальная рэч, нібы карысць ад хлеба. Лойка.

3. Карыстанне. Ідучы, [гурткоўцы] падзяліліся на чатыры звяны, каб ужо зусім самастойна абмураваць усе іншыя крынічкі на добры спажытак добрым людзям. Дубоўка.

4. Рэчы, якімі карыстаюцца; маёмасць. Чаго толькі не было на вышках старой клеці, куды гаспадары выкідалі розныя непатрэбныя спажыткі. Якімовіч.

спажы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спажыць.

спажы́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць спажыўнага (у 1, 2 знач.); пажыўнасць.

спажы́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для яды, для спажывання. Спажыўныя расліны. □ Партызаны і насельніцтва невялічкага ўзвышша-вострава выбіралі ў балотах усё спажыўнае. Кавалёў.

2. Які змяшчае неабходныя для жыццядзейнасці арганізма рэчывы; пажыўны. Тры разы за гэты час малая гаспадыня клапатліва рыхліла зямлю, часта паіла сваю градку вадою і карміла ўсялякімі спажыўнымі харчамі. Якімовіч. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкаю, вельмі спажыўны і смачны. Гарэцкі.

спажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.

1. Выкарыстаць як ежу. — Лепей бы мы іх [яйцы] спажылі, — жалкавала Куліна. — Каб жа знаццё тое, нізавошта не пакінулі. Даніленка. [Пушкарэвіч:] — Забіць — забіў, але спажыць не ўдалося. Качка ўтапілася. Гурскі.

2. Зрасходаваць, выкарыстаць, ужыць для сябе. Ты многа спажыў з той скарбніцы дабра. Вярні І папоўні, што сам з яе браў. Чарнышэвіч. Свет вялікі, усюды месца чалавеку хапае. І людзі жылі-пажывалі, ніякага ліха не зналі. Што сваімі рукамі зрабіў, тое і спажыў. Якімовіч.

спа́зма, ‑ы, ж.

Сутаргавае скарачэнне мышцаў (горла, страўніка і інш.). Міша адчуваў, як у яго, нібы перад плачам, спазма сціскае горла. Карпюк. Потым вочы Цулукідзе ажылі, і твар яго скрывіла спазма болю. Мележ. // Прыпадак такой сутаргі. Мы спачувалі ёй, суцяшалі, як маглі, а яна [ўдава] ў слязах, заікаючыся ў спазмах, нешта прамовіла пам... Пестрак.

[Грэч. spasma — сутарга, сцягванне.]