спада́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да спасці.
2. Звісаць (пра валасы, тканіну і пад.). Залацістыя валасы, завіваючыся, спадалі на плечы. Грамовіч. [Барада], як непадрэзаны конскі хвост, спадала ў яго аж да самага пояса. Сяргейчык. // Спускацца, падаць (пра дым, імглу і пад.). З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка. Броўка.
3. Зніжацца, размяшчацца па нахільнай плоскасці. Па баках нашай звілістай і вузкай горнай дарогі ўздымаліся і спадалі схілы гор і крутыя шэрыя скалы. Мележ. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струх[л]елых пнёў. М. Стральцоў.
спада́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спадаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Спец. Які памяншаецца ў велічыні, аб’ёме і пад. Спадаючая прагрэсія. Спадаючая ўрадлівасць.
3. Дзеепрысл. незак. ад спадаць.
спа́дзістасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спадзістага; паступовае паніжэнне якой‑н. паверхні. Спадзістасць берага. Нізіна мае спадзістасць да Дняпра.
спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.
Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.
спадзява́нне, ‑я, н.
Чаканне нечага, што павінна адбыцца, здзейсніцца, надзея на што‑н. У гэтай усмешцы былі і просьба, і раскаянне, і спадзяванне на нешта добрае і вялікае. Гамолка. Знікалі ўсе .. добрыя намеры і спадзяванні [Рыгора] пабудаваць сям’ю. Краўчанка. // Пра чалавека, на якога спадзяюцца, ускладаюць свае надзеі. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.
спадзява́цца, ‑дзяю́ся, ‑дзяе́шся, ‑дзяе́цца; ‑дзяёмся, ‑дзеяце́ся; незак.
1. на што, з інф., без дап., са злучн. «што». Мець надзею, спадзяванне, разлічваць на што‑н. Ішоў [Папас] вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго [са] знаёмых. Галавач. Ілка ўсё яшчэ на нешта спадзяецца і сядзіць на месцы. Лупсякоў. А я ўсё спадзяваўся І верыў... Эх, надзеі! Калачынскі. // чаго, са злучн. «што». Чакаць чаго‑н. Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі. Колас. Што дасі заўтра, доля зманлівая, Спадзяюся пацехі я мала. Купала. — Гм, — паморшчылася пані, — гм, я не спадзявалася, што ты кепска выхаваны. Бажко. / 1 ас. адз. цяпер. спадзяю́ся, у знач. пабочн. [Доктар:] — А тое, што я тут вам гаварыў, спадзяюся, застанецца між намі. Машара. [Ганя:] — Без маёй прысутнасці вы, спадзяюся, усё высветліце і разберацеся... Грамовіч.
2. на каго-што. Мець упэўненасць у кім‑, чым‑н.; мець спадзяванні на каго‑н. А сябры чакаюць, спадзяюцца на яго — Янку Корвуна. П. Ткачоў. Значыць, .. [Рабы] хітруе і не вельмі спадзяецца на мяне. Якімовіч. На .. [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.
•••
Спадзявацца на манну нябесную — разлічваць на выпадковую ўдачу, на што‑н. дармавое.
спадкае́мец, ‑мца, м.
1. Асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе; наследнік.
2. перан. Той, хто працягвае чые‑н. традыцыі, чыю‑н. дзейнасць.
спа́дкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго‑н. Калі ж Фэлькі не стала, дык хвалёная багатырка Марыля мігам прыджгала ў Цімкавічы па бацькавы спадкі. С. Александровіч.