спаганя́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. спаганяць — спагнаць (у 1 знач.).
спаганя́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да спаганяць.
спаганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да спагнаць.
спагна́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. спагнаць (у 1 знач.).
2. Пакаранне за невыкананне або парушэнне чаго‑н. Курсантам .. [Максім] быў недысцыплінаваным — атрымаў не адно спагнанне. Шамякін.
спагна́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спагнаць.
спагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.
1. што. Прымусіць заплаціць, атрымаць ад каго‑н. прымусова. Спагнаць доўг. Спагнаць штраф. □ [Павал:] — Я яшчэ з .. [папа] спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне здзёр. Чорны. Мільганула думка, што Адэлька з’явілася, каб спагнаць аліменты. Асіпенка.
2. што. Атрымаць задавальненне, выліўшы свой гнеў, дрэнны настрой на каго‑н. Ляснік дагнаў нас на кані і злосць спагнаў на нявінным чалавеку. Прокша. Сонным хадзіў [Лаўрэн] і не знаходзіў, на кім нуду сваю спагнаць. Баранавых. // Наогул атрымаць задавальненне ад чаго‑н. дасягнутага. Малое голад свой спагнала І спаць не хоча а-ні-ні. Колас.
3. без дап. Адпомсціць за крыўду, прычыненае зло і пад. За вялікую крыўду і чорт спагоніць. З нар.
спад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.
2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.
•••
На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).
На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.
спадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каму.
1. Выклікаць пачуццё сімпатыі да сябе. Валерыю Урублеўскаму дзядзька Рыгор спадабаўся з першага знаёмства. Якімовіч. Неабходна было абавязкова спадабацца гаспадару, паказаць сябе з найлепшага боку. Гамолка. // Выклікаць схільнасць (у асоб іншага полу). Учора Шэвель казаў мне, што пляменніку яго ты спадабалася больш ад усіх дзяўчат. Лынькоў. Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Бядуля.
2. Прыйсціся па густу каму‑н. Жанчына збоку наглядала за сваім госцем, шчаслівая, што яму абед спадабаўся. Гурскі. Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова. Пальчэўскі. Прафесія фотакарэспандэнта .. [Мельнікаву] вельмі спадабалася. Васілёнак. // Пакінуць добрае ўражанне. Можа якраз не заганарыцца, падыдзе і спытае, ці спадабалася яго песня? Гроднеў. // безас., з інф. Атрымаць задавальненне ад чаго‑н. Маладому вераб’ю, што не меў яшчэ і года, спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Пальчэўскі.
спадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго. Пакахаць, закахацца. Сэрца ныла, бы з нуды, Вы сама была не ўся, — Спадабала я тады Брыгадзіра Міхася. Купала. Цікава паслухаць Раіну, за што яна спадабала асадніка. У. Калеснік.
2. што. Прыйсціся па густу, спадабацца. А я на ўсё жыццё спадабаў навальніцу. Грамовіч.
спадабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да спадобіцца.