спагадзя́, прысл.
Абл. Пазней, праз некаторы час. Я, а за мною, трошкі спагадзя, і Каця моўчкі падаліся да клумбы, дзе капала Агапа і дзе стаялі, уваткнутыя ў зямлю, жалезнякі... Сачанка. У той вечар мы, мабыць, так болей і не сказалі б ніводнага слова пра Велю, але крыху спагадзя прыйшоў Якімцаў, наш брыгадзір. Савіцкі.
спага́длівасць і спага́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спагадлівага, спагаднага. Жанчына варухнулася, убачыла калону на дарозе, у вачах яе засвяцілася матчына ласка і спагадлівасць. Хадкевіч. Антон гаварыў пра сціпласць і спагадлівасць Алены, яе працавітасць, пра яе дзяцей. Сіўцоў. Ад простай спагаднасці не пастарэеш, Адно мо выразней нахмурацца бровы. Лось.
спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.
2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.
спага́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спаганяць.
спага́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм. Тое, што і апаганіцца.
спага́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і апаганіць. Заваяваную свабоду Рабочы люд не дасць спаганіць. Купала. Хай кожны ведае паганец, Каго шануюць пры жыцці, Таго й па смерці не спаганяць, Ніхто не здолее зацьміць. Пушча.
спага́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спаганіцца.
2. Зал. да спаганьваць.
спага́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спаганіць.