цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.
2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.
3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.
цмо́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Аднакр. да цмокацца.
цмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да цмокаць.
цнатлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць цнатлівага. Ты сэрца маё ўсхвалявала, Як першая краска вясной, Цнатлівасцю мілай, зямной Ты сэрца маё ўсхвалявала. Гілевіч. [Лірычнаму герою] вельмі арганічныя ўнутраная цнатлівасць, непаказная сціпласць, добразычлівасць, высокая чалавечнасць. Бугаёў.
цнатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты; строгі ў маральных адносінах. Цнатлівыя пападзянкі выслухалі з цікавасцю дзякова паведамленне. Колас. На месца санітара.. [Тапурыя] паставіў прыгожую і цнатлівую князёўну з старадаўняга роду. Самуйлёнак. // Сарамлівы; далікатны. Эх, маладосць, маладосць! Якая ты няўрымслівая і смелая там, дзе трэба ісці на злом галавы — у баі і ў працы. І якая ты баязлівая, цнатлівая ў чалавечых пачуццях, ты іх чамусьці часам хаваеш ад самое сябе. Сабаленка. Дый шчасце не любіць, каб пра яго ведалі многія, яно цнатлівае да палахлівасці. Сачанка.
2. Які не страціў нявіннасці.
цно́та, ‑ы, ДМ цноце, ж.
1. Маральная чысціня; строгасць у маральных адносінах. Адчуваю калючую адзіноту І давер дзіцячы, і сталую цноту. Янішчыц. / у перан. ужыв. Чуецца тады ў той песні, як шасцяць спелыя каласы і туліць цноту стары бор... Каваль.
2. Дзявочая нявіннасць.
цно́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і цнатлівы (у 1 знач.). Якуб Колас падае чыстыя высакародныя адносіны паміж героем аповесці і Алёнкай — разумнай, цнотнай дзяўчынкай. «Полымя».
цок, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які атрымліваецца пры ўдары чым‑н. цвёрдым аб камень, метал і пад.
цо́каль, ‑я, м.
1. Ніжняя частка цаглянага ці каменнага будынка. Будынак стаіць на высокім цокалі з мноствам акенцаў і нішаў. «Помнікі».
2. Металічная частка электрычнае лямпачкі, якая служыць для ўмацавання яе ў патроне. На самым канцы цэха ў скрынку падалі ўжо гатовыя электралямпачкі з усімі іх прыпаямі, цокалямі. Скрыган.
[Іт. zoccolo.]