Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́усны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да соусу; прызначаны для соусу. Соусная міска. // Прыгатаваны з соусам.

со́ўганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. соўгаць і соўгацца.

со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.

2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.

3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.

со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Разм.

1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.

2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.

3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.

со́ўка, ‑і, ДМ соўцы; Р мн. совак; ж.

1. Птушка сямейства сапраўдных соў.

2. Матылёк цёмнай афарбоўкі, вусені якога з’яўляюцца шкоднікамі сельскагаспадарчых культур; начніца. Капусная соўка. Азімая соўка.

со́хлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Сухі, высахлы. Сохлае лісце. Сохлае дрэўца. □ Жабулька скокнула пад куст вярбы, У лісце сохлае, дзе цень рабы. Пысін. Схілялі вербы сохлае суччо. Гаўрусёў.

со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

со́ценны, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Вартасцю ў сто рублёў; сторублёвы. Соценны білет. / у знач. наз. со́ценная, ‑ай, ж. Ларывончык палез у кішэню, дастаў новенькую соценную і працягнуў яе Алімпе. Сабаленка.

2. Які складаецца са ста адзінак або які мае сто якіх‑н. адзінак. Пасярод стала, поруч з попельніцай, ляжала соценная пачка папярос. М. Ткачоў.

•••

Соценная вага — вага, на якой прадмет, што ўзважваецца, ураўнаважваецца ў сто разоў лягчэйшай гірай.

со́ценька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Разм. Ласк. да сотня (у 1 знач.).

со́цкі, ‑ага, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — выбарная асоба з сялян, якая дапамагала паліцыі падтрымліваць парадак у вёсках. Ураднік апусціў вочы і зірнуў на стражніка, стражнік — на соцкага. Соцкі стаяў бокам і смяяўся ў рукаў. Колас.