Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сортапрака́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сортапракаткі, прызначаны для яе. Сортапракатны цэх.

сортапрака́тчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па сортапракатцы.

со́ртнасць, ‑і, ж.

1. Тое, што і гатунковасць. Сортнасць тавараў.

2. Прыналежнасць да высокага або каштоўнага сорту (пра культурныя расліны). Сортнасць пшаніцы.

со́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і гатунковы.

2. Які належыць да высокага або каштоўнага сорту. Сортнае насенне пшаніцы.

со́рус, ‑а, м.

Спец. Сукупнасць кучна размешчаных спарангіяў на лісцях папараці і некаторых водарасцей.

[Ад грэч. sōros — куча, мноства.]

сос 1, выкл.

Міжнародны радыёсігнал аб бедстве суднаў ці самалётаў.

[SOS — бесперапыннае паўтарэнне трох кароткіх і трох доўгіх сігналаў па азбуцы Морзе, пераасэнсаванае ў англійскі выраз Save Our Souls — ратуйце нашы душы.]

сос 2, ‑у, м.

Разм. Нікацінавая смала, якая застаецца пасля курэння ў цыбуку люлькі. — Гэта, брат, не так лёгка, — выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас.

со́сачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да соскі.

со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.

соскападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на сасок, соску. Соскападобны адростак скроневай косці.

со́слепу, прысл.

Па слепаце; нічога не бачачы. Гэта ж ён [Базылькевіч] сослепу прывітаўся са сваім белым канём, назваўшы яго імем любімай жанчыны. Лужанін. Ну, часам здараецца з чалавекам, што ён як сослепу не туды падасца. Але ж потым ён, агледзіцца і вернецца назад. Сабаленка.