Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́рамна, прысл.

1. Брыдка, няёмка. Не бядуй, мая старая, Сёння сорамна ліць слёзы. Тарас. — Сорамна адракацца ад старых сяброў, Крон. Шыцік.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра пачуццё сораму, што адчувае хто‑н. — А мне перад людзьмі сорамна, каб мой сын на казённых харчах вучыўся. Пальчэўскі. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант [Даміра] не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

•••

Сорамна сказаць гл. сказаць.

со́рамны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае сорам, які знеслаўляе; ганебны.

со́рга, нескл., н.

Травяністая расліна сямейства злакавых, падобная да проса.

[Іт. sorgo з лац.]

со́ргавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сорга; зроблены, складаецца з сорга. Соргавыя крупы. Соргавы венік.

сорт, ‑у, М сорце, м.

1. Тое, што і гатунак. Мука першага сорту.

2. Разнавіднасць якой‑н. культурнай расліны, якая адрозніваецца ад іншых раслін гэтага ж віду якімі‑н. каштоўнымі ў гаспадарчых адносінах уласцівасцямі. Высокаўраджайныя сарты пшаніцы.

3. Разм. Від, род каго‑, чаго‑н. У Мінску дактары добрыя. Першага сорту спецыялісты. Мележ.

сорта... (а таксама сарта...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «сорт» (у 1, 2 знач.), «сартавы», напрыклад: сортаабмен, сортаўчастак, сортаабнаўленне.

сортаабнаўле́нне, ‑я, н.

Перыядычная замена насення раяніраванага сорту, які пагоршыў свае гаспадарчыя і біялагічныя якасці, больш высакаякасным насеннем таго ж сорту. План сортаабнаўлення.

сортавыпрабава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сортавыпрабавання, прызначаны для яго. Сортавыпрабавальная станцыя.

сортавыпрабава́нне, ‑я, н.

Праверка і ацэнка сартоў сельскагаспадарчых культур, якая праводзіцца ў полі на спецыяльных участках.

сортапрака́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Пракатка сартавога жалеза.