со́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да соку. Сокавая пара. // Прызначаны для вытворчасці соку. Сокавы цэх.
сокавыціска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Апарат або прыстасаванне для выціскання соку з фруктаў, ягад і гародніны.
со́кал, ‑а, м.
1. Драпежная птушка сямейства сакаліных з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі. // звычайна мн. (со́калы, ‑аў). Высок. Пра лётчыкаў, касманаўтаў. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! Крылом кранае зоры Наш, савецкі, сокал. А. Александровіч.
2. Пра смелага, прыгожага юнака, мужчыну. — Сын мой? І адкуль ты? Сокал ясны! — Да грудзей прыпала галавой. Астрэйка. І плакала Хрысця, што іх разлучылі, Што сокалу крылы Звязалі, скруцілі. Арочка.
сокалападо́бныя, ‑ых.
Атрад дзённых драпежных птушак.
со́кат, ‑у, М ‑кане, м.
1. Крык некаторых птушак. Сокат курыцы. □ Сокат птушак замёр, Як бы поўнач была, Адно свісне тапор Ды зазвоне піла. Купала.
2. Рэзкія кароткія і частыя гукі, якія нагадваюць крык некаторых птушак (пра машыны, механізмы і пад.). Сокат камбайна. Сокат аўтамата.
со́ла,
1. нескл., н. Музычны твор або асобныя партыя, прызначаная для выканання адным музыкантам, спеваком або танцорам. Сола для скрыпкі. // Выкананне такога твора (партыі). — Сола на баяне ў тым жа выкананы, — не сціхаў Саша. Васілевіч.
2. у знач. прысл. Асобна ад другіх (пра выкананне музычных твораў, танцаў). Спяваць сола. Танцаваць сола. □ Я лічыўся здольным скрыпачом, мне часам нават давалі выступаць сола ў якіх-небудзь святочныя канцэртах. Рамановіч.
[Іт. solo.]
со́лад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Брадзільны прадукт, падрыхтаваны з прарошчанага, высушанага і змолатага зерня збажыны, які выкарыстоўваецца для вырабу спірту, піва, квасу і пад. Жытні солад. Ячменны солад.
2. перан. Прыемнае адчуванне, слодыч. Праз солад дрымоты Толя пачуў, як Максім засмяяўся. Брыль.
со́ладавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да соладу (у 1 знач.). Соладавы цукар. // Які з’яўляецца соладам. Соладавы раствор. // Прыгатаваны з соладам. Соладавы пернік. Соладавыя дрожджы. // Які мае адносіны да вытворчасці соладу. Соладавы цэх.
со́ладка,
1. Прысл. да салодкі.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкасці, салодкага смаку. У роце соладка.
3. безас. у знач. вык. Разм. Пра стан здавальнення, шчасця, дастатку. Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Чыгрынаў.
4. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра радасныя, прыемныя адчуванні. Сэрцу соладка. На душы соладка, лёгка. □ Неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касавокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, боязна і хмельна. Быкаў.
со́лана, безас. у знач. вык.
Абл. Салёна (у 2 знач.). Слёзы самі каціліся з вачэй, былі на шчоках, ад іх было солана ў роце. Грахоўскі.