па́кля, ‑і, ж.
Тое, што і пакулле. На хаду выціраючы пакляй рукі, Васіль усё прыскорвае крок. Васілёнак.
паклява́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакляваць 1.
паклява́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакляваць 2.
паклява́ць 1, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; ‑клюём, ‑клюяце; зак., каго-што.
1. Скляваць усё. Паклявалі птушкі ўвесь корм і паляцелі.
2. Злёгку, крыху скляваць, абкляваць. [Сабіна:] — Навошта ты яго ўзяў? [Муж:] — Як навошта? Гэта добры яшчэ грыб. Яго крыху цецерукі паклявалі. Але ён яшчэ здаровы. Сабаленка.
3. і без дап. Кляваць некаторы час.
паклява́ць 2, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; незак., што і без дап.
Абтыкаць дзіркі пакуллем.
пакляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Адбіць малатком лязо касы. Пакляпаць касу.
2. і без дап. Кляпаць некаторы час.
паклясці́, ‑кляну, ‑клянеш, ‑кляне; ‑клянём, ‑кленяце; пр. пакляў, ‑кляла, ‑кляло; зак., каго-што і без дап.
Клясці некаторы час. Андрэй Рыльскі пастаяў, пабедаваў, што няма як знайсці Шпулькевіча, пакляў яго.. і павольна, быццам у глыбокім одуме, пайшоў. Чорны.
паклясці́ся, ‑клянуся, ‑клянешся, ‑клянецца; ‑клянёмся, ‑кленяцеся; пр. пакляўся, ‑клялася, ‑клялося.
Зак. да клясціся.
пако́вачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да пакоўкі 2. Паковачнае жалеза.
пако́й, ‑я, м.
1. Асобнае памяшканне для жылля ў кватэры, доме, адгароджанае сценамі, перагародкамі. Кватэра з чатырох пакояў. □ Наташа, увайшоўшы, уключыла святло, і перад маімі вачыма імгненна ажыў прасторны і чысты пакой з двума вокнамі, яшчэ не атынкаваны. Ракітны.
2. толькі мн. (пако́і, ‑яў). Уст. Раскошныя жылыя памяшканні ў царскім палацы, багатых панскіх дамах і пад. — О, то і пакоі згарэлі? — Згарэлі, пане, начыста, от быццам хто языком злізаў. Якімовіч. У змрочных пакоях кенігсбергскага асабняка савецкія дзяўчаты-нявольніцы марылі аб волі. Васілевіч.
•••
Прыёмны пакой — памяшканне ў бальніцы, дзе хворым аказваюць першую дапамогу і размяркоўваюць па палатах.