Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

снасці́ць, снашчу, снасціш, снасціць; незак., што.

Ставіць снасць (у 2 знач.).

снасць, ‑і, ж.

1. зб. Сукупнасць інструментаў, прылад, прыстасаванняў для якога‑н. занятку. Яго [бурштын] не краналі тапор і піла. Тады не было гэтай снасці. Бялевіч. [Руцкі:] — Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба. Чорны. Снасць зарыпела, нешта злёгку трэснула, і воз з сенам, здрыгануўшыся, выкаціў на пагорак. Ляўданскі. Кабета .. каялася, што не пакінула агародную снасць на сваім участку. Кулакоўскі. // Прылады і прыстасаванні для рыбнай лоўлі. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [дзядзькі Марціна] адмысловая. Колас. — Рыбку? — запытаў Шэмет, паказваючы на снасці. [Мужчына:] — Думаю прайсці. Бывае, што карась бярэ. Лобан.

2. Канат, вяроўка і пад., якія служаць для кіравання парусамі і пад. Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць. Бяганская.

снатво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць снатворнага.

снатво́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае сон. Снатворны сродак. □ Адразу пасля абеду Сямён Львовіч прыняў снатворны парашок, запіў яго кампотам і заснуў. Гарбук. // перан. Вельмі нудны. Снатворная п’еса.

2. у знач. наз. снатво́рнае, ‑ага, н. Лякарства, якое выклікае сон. Вось вы мне жадаеце, доктар, спакою, Снатворнае мне прапануеце. Прыходзька.

снег, ‑у, М снезе; мн. снягі, ‑оў; м.

Атмасферныя ападкі ў выглядзе белых камячкоў, якія складаюцца з крышталікаў, падобных на зорачкі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад .. [Васілём і Лідай] шлях. Мележ. Засвістаў і загуў у камінах зімовы вецер; камякамі пухкімі, мокрымі снег паваліў. Мурашка. // Суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае якую‑н. прастору. Як толькі згоніць снег,.. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе ста[я]ць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе. Шамякін. Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

•••

Зімой снегу не дастаць гл. дастаць.

Снег саломаю тушыць гл. тушыць.

Як леташні снег (патрэбен) — зусім не патрэбен.

Як снег на галаву — зусім нечакана, раптоўна (з’явіцца, прыбыць і пад.).

снега...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «снег», напрыклад: снегаачыстка, снегапад, снегазатрыманне.

снегаахо́ва, ‑ы, ж.

Ахова чыгунак, дарог і пад. ад снегавых заносаў.

снегаахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для аховы дарог ад снежных заносаў. Вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У справу ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы. Навуменка.

снегаачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Расчыстка вуліц, дарог і пад. ад снегу. Арганізаваць снегаачыстку.

снегаачышча́льнік, ‑а, м.

Машына, прыстасаванне для ачысткі ад снегу вуліц, плошчаў, дарог і пад.