Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

снава́ць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.

1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.

2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.

3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.

4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.

сна́йпер, ‑а, м.

Меткі стралок, майстар меткай стральбы. — Ну, а што ты ўмееш рабіць? — спытаў у Людвіка камандзір роты. — Страляць, — адказаў той. — Я снайпер. Кулакоўскі.

[Англ. sniper.]

сна́йперскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да снайпера. Снайперская вінтоўка. // Трапны, дакладны. Снайперскі агонь.

сна́йперства, ‑а, н.

Майстэрства меткай стральбы.

сна́йпінг, ‑у, м.

Спец. Звышметкая снайперская стрэльба. Школа снайпінгу.

снапо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да снапа, які робіцца ў снапах. Снаповая сушка збожжа.

снапо́к, ‑пка, м.

Памянш.-ласк. да сноп. Снапок жыта. Снапкі лёну. Снапок святла.

снара́д, ‑а, М ‑дзе. м.

1. Від боепрыпасаў для стральбы з гармат. Процітанкавы снарад. Артылерыйскі снарад. □ Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранозлівым свістам праляталі снарады. Краўчанка.

2. Прылада, прыстасаванне для спартыўных практыкаванняў. Гімнастычныя снарады. □ Разам з іншымі навічкамі знаёміўся [Паўлік] са спартыўнымі снарадамі, вывучаў розныя прыёмы бою на рапірах. Шыловіч.

3. Інструмент, машына, апарат. Землясосны снарад. Буравы снарад.

снара́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да снарада. Снарадная гільза. □ [Тарас] перабег па хісткіх мастках цераз снарадную варонку, залітую веснавою вадой. Савіцкі. // Які служыць для захоўвання снарадаў. Снарадная скрынка. Снарадны склад. // Прызначаны для вырабу снарадаў. Снарадная сталь.

снасці́цца, ‑ціцца; незак.

Зал. да снасіць.