смяшы́ць, смяшу, смешыш, смешыць; незак., каго-што.
Выклікаць у каго‑н. смех; прымушаць смяяцца. [Альжбета:] Не смяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць! Купала. Звычайна ён [Абрыцкі] спаўняў тры ролі: Або смяшыў усіх да болі, Калі ў смяхотным захапленні Апісваў розныя здарэнні; Ці пераймаў таго-другога, Або маўчаў зацята-строга. Колас.
смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.
1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.
•••
Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.
снабі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Схільны да снабізму, які адрозніваецца снабізмам. // Характэрны для сноба. Снабісцкія густы.
снава́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Снавальная машына.
снава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для снавання, прызначаны для снавання. Снавальная машына. Снавальны цэх.
снава́льшчык, ‑а, м.
Той, хто робіць аснову для тканіны. // Рабочы на снавальнай машыне.
снава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. снаваць.
снава́цца, снуюся, снуешся, снуецца; незак.
1. Тое, што і снаваць (у 3 знач.). А я — з далёкіх ніў пясняр — Па Гаспры з кута у кут снуюся. Купала.
2. перан. Складацца, стварацца. Снуюцца думы складным ладам-складам пра беларускі шлях, пра свой народ... Таўлай. Словы песні снуюцца: Што ад мілага вестак няма, Ад нямілага шлюцца. Танк.
3. Зал. да снаваць (у 1 знач.).