Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сме́цце, ‑я, н.

1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.

2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.

3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.

•••

Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.

сме́ццевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смецця; прызначаны для складвання смецця. Смеццевая яма.

смеццеправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Канал у сцяне дома з адтулінамі на кожным паверсе для скідвання смецця. Кватэры тут з усімі выгодамі. Ліфт, смеццеправод... «Вожык».

смеццяво́з, ‑а, м.

Машына, якая прызначана для вывазу смецця.

смеццяўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ўборкі смецця. Смеццяўборачная машына.

смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.

1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.

2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.

•••

Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.

сме́шкі, ‑шак; адз. няма.

Жарты, насмешкі. Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Мележ.

•••

Смешкі строіць гл. строіць.

сме́шна,

1. Прысл. да смешны.

2. безас. у знач. вык., звычайна каму або з інф. Пра жаданне смяяцца. [Ядвіся] ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Колас. Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Каршукоў.

3. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Дзіўна. Смешна, першыя дні шэрага хлеба не хапала. Мыслівец. Якая там стрэльба?.. Яе, папраўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. Колас.

смешнава́та,

1. Прысл. да смешнаваты.

2. безас. у знач. вык., каму. Пра тое, што выклікае здзіўленне, жаданне смяяцца. Некаторыя камандзіры.. разумныя мальцы былі, а пачнуць яны меркаваць, дык мне спачатку смешнавата было на іхняе тыцканне пальцамі ў карту. Брыль.

смешнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху смешны; дзівакаваты. Адзін [хлопец] быў малы, што кідалася ў вочы, і ціхі, нават здаваўся панурым і смешнаватым з-за носа — і савінага трохі, і прастадушна-вялікага. Брыль.