Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смакту́н, ‑а, м.

Чарвяк-паразіт, які жыве на скуры і жабрах рыб, а таксама ва ўнутраных органах жывёлы і чалавека.

смала́, ‑ы; мн. смо́лы, смол; ж.

1. Ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі і некаторымі іншымі раслінамі. Свеціць сонца. Смала Пацякла дзе-нідзе Па хваёвых ствалах. Бядуля. У пакойчыку было цёпла, ціха, утульна. Пахла смалою свежага дрэва. Колас.

2. Цёмнае вязкае з непрыемным пахам арганічнае рэчыва, якое ўтвараецца пры сухой перагонцы дрэва. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. [Максім:] «Бацькава чайка — старая: смалы і часу на канапачанне спатрэбіцца больш, чым уся яна варта». Брыль. Дзям’ян Хрысцюк і Тодар Касцецкі з другімі мужчынамі тоўстай «бабай» з бярозавага камля заганялі чорныя, вымазаныя смалою палі. Дуброўскі.

3. Разм. Пра назойлівага, надакучлівага чалавека. Не хацелася .. [Сідараву] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Чыгрынаў. — Ну і смала ж ты, — пакруціў галавой стары. — Я ж сказаў, што і табе не варта ведаць. Ляўданскі.

4. Спец. (пераважна мн. смо́лы, смол). Спец. Назва некаторых арганічных рэчываў, якія атрымліваюцца сінтэтычным шляхам і выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лапу, пластмасы і для іншых мэт. Сінтэтычныя смолы. Каменнавугальная смала. Тарфяныя смолы.

•••

Шавецкая смала — цёмнае вязкае рэчыва для прасмолкі дратвы.

Ліпнуць смалой гл. ліпнуць.

смалава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смалаватага. Смалаватасць драўніны.

смалава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сабе смалу, са смалой. Касцёр атрымаўся багаты! Усе цягалі хмыз і ламачча, а самы смалаваты корч на агонь прывалок Даўгалёнак. Лось.

смалаку́р, ‑а, м.

Той, хто займаецца смалакурэннем. На.. палацях раней, відаць, стаяла самае дарагое ў смалакураў — шкіпінар у вялікіх бутлях. Ваданосаў. У карчму сышліся грэцца мужыкі. Смалакуры з-пад Крывічаў і Смургонаў, Жабракі і местачковыя майстры. Танк.

смалаку́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смалакурэння. Смалакурны завод.

смалаку́рня, ‑і, ж.

Смалакурнае прадпрыемства. Сосны вакол смалакурняў стаялі чорныя, нібы асмаленыя агнём. Хомчанка. Моцны, густы пах смаляных карчоў, жывіцы, настой дзёгцю, шкіпінару плавалі ў паветры над борам, над смалакурняй. Бялевіч.

смалакурэ́нне, ‑я, н.

Здабыванне смалы, шкіпінару, вугалю з драўніны хваёвых дрэў пры награванні без доступу паветра.

смалано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае смалу; з якога здабываюць смалу. Смаланосныя расліны.

смале́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаліць ​1.

смале́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смаліць ​2 (у 2 знач.).