Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сма́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смаку (у 1 знач.). Смакавыя нервы. Смакавыя якасці прадуктаў харчавання.

смакану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да смакаваць (у 2 знач.).

смаката́, ‑ы, ДМ ‑каце ж.

Разм.

1. Што‑н. смачнае (з яды). І ўсё было такое смачнае, што за вушы, здаецца б, не адцягнуў ад такой смакаты. Сабаленка. Знойдзеш — абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!.. Брыль.

2. у знач. вык. Пра што‑н. вельмі смачнае; аб’ядзенне. [Мароз:] — Прыязджаем з Іванам Васільевічам — а там ужо стол з місай рыбы. Свежанькая, падсмажаная, масла на ёй кіпіць — смаката. Лобан. І ўсе арэхі спеленькія, жоўценькія, поўненькія, і нават калі пасушацца на печы, дык усё роўна зярняты на ўсю шкарлупку. Раскусіш арэх — а там такая смаката!.. Сачанка.

смако́тны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Смачны. На стале, у густым воблаку пары — белая, сопкая бульба. Яна разварылася так, што, здаецца, вось-вось рассыплецца на смакотныя кавалкі. Палтаран.

смако́ўніца, ‑ы, ж.

Пладовае субтрапічнае дрэва сямейства тутавых з цвёрдай драўнінай і пладамі, прыдатнымі для яды; інжыр.

смако́цце, ‑я, н.

Тое, што і смаката. А дзядзька бы і не пачуў.. [Дзімку], усё соваў нос у пучок сена, уздыхаў: — Смакоцце, хоць сам бяры і еш... Капыловіч.

смакта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смактання. Смактальны рэфлекс.

смакта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смактаць (у 1–5 знач.) і стан паводле дзеясл. смактаць (у 6 знач.).

смактану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да смактаць (у 1, 4 знач.).

смакта́ць, смакчу, смокчаш, смокча; незак., каго-што.

1. Рухамі губ і языка ўцягваць у рот якую‑н. вадкасць праз вузкую адтуліну ў чым‑н. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. І не трэба было хавацца ў скафандры, смактаць з трубкі вадкую ежу. Шыцік. // Карміцца мацярынскім малаком (пра дзіця, дзіцяня); уцягваць яго ў рот з грудзей, вымені. Мабыць, толькі маленькі Санька нічога не адчуваў, ён смактаў сабе матчыны грудзі і часам заходзіўся плачам. Сабаленка. [Медзведзяняты] ляжалі каля.. [мядзведзіцы] ў бярлозе і драмалі разам з ёю, бездапаможныя, сляпыя, і безупынна смакталі мацярынскае малако. В. Вольскі. То ў Кветкі, то ў Лысухі, па чарзе, Цяля са смакам малако смактала, Расло, цяжэла ў вазе. Маеўскі. // Разм. Піць, не адрываючыся, уцягваючы вадкасць праз няшчыльна сцятыя губы. Па чарзе кладзёмся па бераг і з палонкі смокчам ваду. Карпюк. Цімка ўзяў бераг шклянкі ў губы і пачаў смактаць. Кулакоўскі. // Разм. Піць гарэлку, п’янстваваць. [Цвіркун:] — Прыкінем, хто ў нас асабліва любіць смактаць самагонку. Корбан.

2. Уцягваць, усмоктваць у сябе якую‑н. вадкасць пры дапамозе спецыяльных органаў (пра жывёлін, насякомых). Валодаючы бясшумным палётам, вампіры ноччу нападаюць на сонных жывёл, пракусваюць без усялякага болю скуру і смокчуць кроў. Матрунёнак. [Арцём:] — Даніла Паўлавіч! Пчала Вунь з кветкі смокча сокі. Бялевіч. // Усмоктваць ваду, пажыўныя рэчывы з зямлі (пра карані раслін). Хай карэньчыкі ў цемры Смокчуць сонца разам з сокам, Каб раслі вачам на ўцеху Кветкі гожыя высока. Гілевіч. Там кнігаўкі плачуць ад спёкі, Падставіўшы сонцу раты, Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // перан. Разм. Цягнуць, бессаромна браць у каго‑н. грошы і пад., нажывацца за кошт іншых. І ён, як той павук пачварны, усю ваколіцу смактаў і з крыўд людзей жывых бяскарна сваё багацце ўсцяж збіраў. Але не цешыла багацце старога графа-багача. Машара.

3. Усмоктваць, убіраць у сябе якую‑н. вадкасць, газ і пад. (пра машыны, прыстасаванне механізмы). Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Грахоўскі. Зранку між сосен Смокчуць насосы З жылаў праколатых Цёплае золата. Пушча.

4. Узяўшы што‑н. у рот і змочваючы слінай, рабіць смактальныя рухі языком і губамі. Смактаць соску. □ Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва. Купала. Месяцаў сем мае веку хлапчына. Як сціхне, Свае кулачкі пачынае смактаць. Зарыцкі. // Разм. Курыць (тытунь, папяросу, люльку). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч. [Гельскі:] — Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Чорны. // Трымаючы ў роце і раствараючы або размякчаючы слінай, паступова з’ядаць. «Як гэта, мусіць, добра, — з зайздрасцю падумала Лёдзя, — стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі». Карпаў. [Дзяўчына] з заклапочаным выглядам смактала кавалачак.. хлеба. Брыль.

5. без дап. Выкліка́ць тупы боль ва ўнутраных органах. Максім і сам адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад, падражнены кубкам роднага пойла, зноў, як абцугамі, сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. Тут [у турме] многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Ад голаду ў хлопцаў смактала пад грудзьмі. Новікаў.

6. перан. Прыносіць пакуты, мучыць (пра якое‑н. пачуццё). Крыўда смокча сэрца. □ [Янка:] — Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны, як бот, і — ну хоць ты плач. Караткевіч. Вабіла.. [агранома] багатая ўкраінская прырода, але не пераставаў смактаць яго і смутак па радзіме. Васілевіч.

•••

Смактаць кроў — тое, што і піць кроў (гл. піць).

Чарвяк смокча каго гл. чарвяк.