Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крывізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць крывога (у 1 знач.); скрыўленасць, перакошанасць. Крывізна сцяны.

2. Велічыня, якая характарызуе ступень адхілення ад прамой. Крывізна лініі.

крыві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Капля крыві. Уся.. істота [муляра] ў працы, кожная жылка, кожная крывінка. Кулакоўскі.

2. Пра роднага па крыві. «Дзе знайсці прытулак для сына? Дзе схаваць крывінку сваю?» Панчанка.

•••

Ні крывінкі ў твары — пра чалавека з пабляднелым тварам.

крыві́ца, ‑ы, ж.

Разм. Ласк. да кроў.

крыві́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крывічоў. Крывіцкія курганы.

крыві́цца, крыўлюся, крывішся, крывіцца; незак.

1. Станавіцца крывым, выгнутым, перакрыўленым. Хата крывіцца. Туфлі крывяцца. □ Асіны на бок крывяцца, І дым ад комінаў кладзецца пад плотам. Куляшоў. // Перакошвацца ў грымасе (пра твар, губы, рот і пад.). [Ермакоў] думаў аб нечым непрыемным, куткі яго тонкіх губ незадаволена крывіліся. Мележ. // Быць незадаволеным чым‑н., выражаць нязгоду з чым‑н. І скардзіўся на ўсё, на ўсіх крывіўся: Наследнік ёсць, а спадчыны няма. Панчанка.

2. Зал. да крывіць.

крыві́ць, крыўлю, крывіш, крывіць; незак., што.

Рабіць крывым, перакошаным, выгнутым. Крывіць туфлі. // Перакошваць у грымасе (твар, губы, рот). Не то ад дыму вусны [Рыгор] крывіць і вока правае прыжмурвае, не то здалёк яшчэ прабуе ўсміхацца Аўдолі. Крапіва. «Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы. Колас.

•••

Крывіць душой — быць няшчырым, наўмысна не гаварыць праўды.

крывічы́, ‑оў; адз. крывіч, ‑а, м.; крывічка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. крывічкі, ‑чак; ж.

Усходнеславянскае племянное аб’яднанне 6–10 стст., якое займала тэрыторыю верхняга цячэння Дняпра, Волгі, Заходняй Дзвіны, паўднёвую частку басейна Чудскога возера. Полацкія крывічы.

крыву́ліна, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). Па кутках сохлі доўгія крывуліны на палоззе, каля сцен стаялі колы. Арочка.

2. Крывізна, выгіб у чым‑н. Старыца — даўнішняе, выгнутае крутой крывулінай рэчышча Прыпяці. Краўчанка.

крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм.

1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.

2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.

3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.

крыву́ля, ‑і, ж.

Разм.

1. Пра крывую рэч, крывое дрэва. Трактары нашы Рэжуць барозны, Сохаў-крывуляў Мінуўся стогн слёзны. Купала.

2. Пра крывога; кульгавага чалавека.

3. Тое, што і крывулька (у 2, 3 знач.).