Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць, або які цяжка ўтрымаць. Слізкі паркет. □ Прайшоў дожджык, дарога зрабілася ліпучая, слізкая. Маўр. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. // перан. Выкрутлівы, хітры (пра чалавека). Нейкі слізкі быў гэты чалавек. Корбан.

2. перан. Ненадзейны, небяспечны. Бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў .. [Пракоп], і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала, як прыкры сон. Колас. // Які мае ў сабе што‑н. няпэўнае, двухсэнсавае. І не для слоўнай акрабатыкі Я ўзяў такую тэму слізкую. Панчанка. Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка. Шамякін.

3. Пакрыты сліззю. Нават адсюль, з дарогі, можна ўбачыць слізкія каптурыкі масл[я]коў. Навуменка. Вясною вылазіць [вуж] рашуча з нары, Знаходзіць пянёчак-рагулю, Праз вузкую шчыліну пнецца-паўзе, Слізкую скуру здзірае. Жычка.

слі́знуць, ‑не; незак.

Разм. Пакрывацца сліззю, станавіцца слізкім.

слізня́к, ‑а, м.

1. Беспазваночная жывёліна атрада малюскаў, якая амаль страціла ракавіну. У траве на балоце і ў чарналессі процьма жыўнасці: ляніва скачуць .. жабы, тлустыя, зеленаватыя і жоўтыя слізнякі бясконца ліжуць лісце, траву. Бяспалы.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага, нікчэмнага чалавека. Ваня павінен даказаць, што ён не слізняк, не прыстасаванец. Новікаў. [Лабановіч:] — Але справа не ў гэтым: слізнякі мы, бязвольнікі, людзі без цвёрдага грунту. Колас.

слізо́к, ‑зка, м.

Спец. Скура вантробнага або мёртванароджанага цяляці, якая выкарыстоўваецца для вырабу лайкі ​2.

слізо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.

Тое, што і слізгота. Як абцасы зносяцца, тады ў дождж ці ў слізоту ніякай сілай нельга ўтрымацца. Ермаловіч.

слізь, слізі, ж.

1. Цягучая і слізкая маса, якая выдзяляецца некаторымі клеткамі жывёлін і раслін. Кароткім спружыністым рухам.. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук.. Гэтаму.. дапамагае яго надзвычай дробная, схаваная ў скуры луска, накрытая зверху тоўстым слоем слізі. Матрунёнак.

2. Слізкі, цягучы налёт на прадметах ад пастаяннай вільгаці. Ля берагоў возера было мелкае, а дробныя каменьчыкі, што ўсцілалі дно, пакрыты нейкай зялёнай сліззю. Ваданосаў. Косця сцёр з біклагі слізь і ракушкі, паспрабаваў адкруціць вечка. Гамолка. / у перан. ужыв. А крытык скажа строгі, Як адмятала дрэнь і слізь Яна [праўда] з жыцця дарогі. Калачынскі.

слізяві́к, ‑зевіку, м.

Ніжэйшая бесхларафілавая расліна, слізісты грыб.

сліма́к, ‑а, м.

1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

слімакава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пакрыты слінай, мокры ад сліны. Слімакаватыя губы. Слімакаваты рот.

слімако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слімака. Слімаковая ракавіна. □ Мінулі хмары, І сонца ўстала зноў, Жук хату слімакову Пакінуў і пайшоў. Танк.