слі́вень, сліўня, м.
Род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі. Спажывы .. [буслам] было тут шмат: і гадзюкі, і сліўні, і жабы, і розная іншая драбяза вялася. Пальчэўскі.
слі́віна, ‑ы, ж.
Разм. Адзінкавае дрэва, адзін плод слівы.
слівя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Слівавая наліўка або настойка. Упершыню пасля вайны пачынаецца масавы выраб беларускай слівянкі. «Беларусь».
слі́зганка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Слізкае месца; коўзанка. Па дварэ яшчэ восень, лісце не ўсё пажоўкла, а Пятруська можа напісаць у сваім сшытку «Зіму». Захоча, дык і напіша. А напісаўшы, уявіць, што гэтае слова азначае снег, марозы і слізганку на вуліцы. Можна і намаляваць усё гэта. Кулакоўскі.
слі́зганне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. слізгаць і слізгацца.
слізгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Аднакр. да слізгацца (у 1, 3 знач.).
2. Паслізнуцца. [Хлопец] паставіў падножку, я слізгануўся і, ускінуўшы рукі, расцягнуўся тут жа на парозе. Адамчык.
слізгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да слізгаць.
2. Хутка, непрыкметна прайсці, прабегчы; хутка схавацца дзе‑н., шмыгнуць куды‑н. Кузя прапоўз некалькі метраў, слізгануў убок і нібы растварыўся ў зеляніне. Жычка. Тады, не разважаючы больш, .. [Тышкевіч] слізгануў з-пад абрыву ў ваду, зноў апёкся, аж захаланула сэрца, пайшоў па рэчцы, шукаючы адхонны бераг. Асіпенка.
3. Ссунуцца з чаго‑н., спаўзці, з’ехаць. Чорная коцікавая шапка слізганула з .. галавы [Андрэя]. Адамчык.
слізгата́, ‑ы, ДМ ‑гаце, ж.
Тое, што і слізгота. З учарашняй адлігі толькі і засталіся доўгія ледзяныя стрэлкі на стрэхах ды слізгата пад нагамі. Мыслівец.
слізгаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. слізгацець.
слізгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.
Тое, што і слізгаць. Конь бег спорнай рыссю, сані лёгка слізгацелі па снегавых астраўках і чыстым лёдзе. Хадкевіч. Спрытна мільгае вясло ў .. пругкіх руках [дзяўчыны], і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокаму лону спакойнай Прыпяці. Колас.