Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ціско́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ціскоў. Цісковая шруба.

цісне́нне, ‑я, н.

1. Выцісканне на чым‑н. (скуры, метале і пад.) рэльефных узораў, адбіткаў. Цісненне на скуры.

2. Рэльефны адбітак, узор, атрыманы такім спосабам. Сцены паклеены сіняватымі, з залатым цісненнем, шпалерамі. Хадкевіч.

ціснёны, ‑ая, ‑ае.

1. Атрыманы цісненнем (у 1 знач.). Ціснёны малюнак. Ціснёны узор.

2. Які мае на сабе цісненне, з цісненнем (у 2 знач.). На базары вялікі выбар жаночага абутку, сумак з каляровай ціснёнай скуры, розных упрыгожанняў. В. Вольскі.

ці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; незак.

1. Прыціскацца, набліжацца да каго‑, чаго‑н. Захопленая ліўнем у полі жывёла ціснулася адна да другой. Васілевіч. У капліцы было холадна, і, як ні ціснуліся Надзя з Ванем адно да аднаго, не маглі сагрэцца. Бураўкін.

2. Стаяць, сядзець, размяшчацца цесна, блізка адзін да аднаго. Суседзі [Пеці] перабраліся на іншыя парты і цяпер там ціснуліся аж па чацвярых. Ракітны. Унізе, ля падножжа і па схілах горкай грады, ціснуцца на вузкіх вуліцах маленькія аднапавярховыя мураванкі і драўляныя дамы. В. Вольскі. // Жыць у цеснаце. У гэтым пакоі і жыве Алена з той пары, як пераехала сюды з хаты.., дзе ціснулася тры сям’і пагарэльцаў. Мележ.

3. Пасоўвацца, набліжацца цясней адзін да аднаго, каб вызваліць месца. — Калі ласка, юнак, садзіся! — стары ахвотна ціснецца на лаве. Карпюк. // Штурхаючыся, ісці, рухацца куды‑н. З-за рэчкі ціснуцца каровы. Колас. Алег памалу ціснуўся да пярэдніх дзвярэй. Ярашэвіч. / у паэт. ужыв. Ідзе прэм’ера. І паўнатвары Месяц магам З пытаннем ціснецца ў дзверы: Ці будуць новыя аншлагі? Тармола.

4. перан. Разм. Скупіцца, скнарнічаць. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Шамякін.

5. Зал. да ціснуць ​1 (у 4 знач.).

ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

ці́таўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Сорт яблыні, якая дае буйныя, кісла-салодкія яблыкі. Пасадзіць цітаўку. □ На чатырох падводах прывезлі свой сад. Дрэўца ў дрэўца. Антонаўкі, ракеты, цітаўкі. Жычка.

2. Плод гэтай яблыні. Яблыкі ў Вяршковых стаялі.. на ўслоне пасярод двара: два бульбовыя кашы — адзін: з сыпкімі летнімі грушамі, а другі з чырванабокімі цітаўкамі. Чыгрынаў.

ці́тла, ‑ы, ж.

У сярэдневяковай пісьменнасці Русі і Грэцыі — надрадковы знак у выглядзе ламанай рыскі, які ставіўся над словамі, напісанымі скарочана, або над літарамі, калі яны мелі лічбавае значэнне.

[Ад грэч. títlos — надпіс.]

ці́тлавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цітлы, з’яўляецца цітлай. Цітлавы знак.

цітр, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Надпіс на кадры ў кінафільме, які перадае словы дзеючых асоб або тлумачальны тэкст. У клубе ўжо выключылі святло, на экране сталі мільгаць ужо цітры кінакарціны. Ермаловіч.

2. ‑у. У хіміі — ступень канцэнтрацыі раствору (колькасць рэчыва ў грамах у 1 мл раствору).

3. ‑а. Спец. Тое, што і тэкс.

[Ад фр. titre — якасць, характарыстыка.]

цітрава́льшчык, ‑а, м.

Асоба, якая займаецца цітраваннем.