ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.
2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.
3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.
4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.
5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.
6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.
7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.
8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.
•••
Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.
Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.
Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.
ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).
2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).