салда́тчына, ‑ы, ж.
Уст. Салдацкая служба. [Халімон:] — Мы дома сядзім, а куды годны! Во дзе хлопец, дык хлопец, — як вол, і салдатчына яго не сагнула. Галавач.
салдафо́н, ‑а, м.
Разм. пагард. Ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек. Маладая заходнебеларуская сялянка Раіна, першая красуня ў аколіцы, парвала дружбу са сваім равеснікам Васілём ды сышлася з польскім асаднікам, ганарлівым салдафонам. У. Калеснік.
салдафо́нскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. пагард. Які мае адносіны да салдафона; уласцівы яму. Салдафонскія звычкі. Салдафонскі дух.
салдафо́нства, ‑а, н.
Разм. пагард. Паводзіны, учынкі салдафона. [Свярдлоў:] Іх [салдат] пралетарская свядомасць непараўнальна вышэй салдафонства Гофмана, але Гофман усё ж перастраляе іх! Губарэвіч.
салда́цік, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да салдат. Бабулька, відаць, мела добрае сэрца, пашкадавала салдацікаў: з цыбуляй вынесла і па агурку, і па кубку малака. Машара.
2. Дзіцячая цацка ў выглядзе салдата. Алавяны салдацік.
3. у знач. прысл. салда́цікам. У стаячым становішчы, стоячы. Скакаць у ваду салдацікам.
салда́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да салдата, належыць яму. Салдацкая служба. Салдацкі кацялок. Салдацкія сем’і. □ Мы павінны паказаць, што рабочыя і сяляне ў матросках ды салдацкіх шынялях — нашы браты, адна армія працоўных. Гартны. // Які складаецца з салдат. Салдацкія палкі. Салдацкі аркестр.
2. Уласцівы салдату, такі, як у салдата. Салдацкая выпраўка. □ Усё жыццё ты [Клімёнак] будзеш рад за сваю раннюю сталасць, за сваю салдацкую маладосць. Брыль.
•••
Салдацкае сукно гл. сукно.
саленава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Трохі салёны. Саленаватая рыба.
2. перан. Разм. Дасціпны, але з грубаватым, не зусім прыстойным адценнем. Паўлюк Трус друкаваў у газеце прыгоды Ціта. Гэтая рэч з саленаватым гумарам карысталася добрай папулярнасцю. Лужанін.
сале́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. саліць (у 1, 2 знач.).
2. Пасоленыя ў запас харчовыя прадукты. Вылі там розныя саленні і варэнні.
салено́ід, ‑а, М ‑дзе, м.
Драцяная спіраль, наматаная на стрыжань, вакол якой пры прапусканні электрычнага току ўтвараецца магнітнае поле.
салено́ідны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да саленоіда, звязаны з ім. Саленоідныя рухавікі. Саленоідныя правады.