слепанаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Які нарадзіўся сляпым. Слепанароджаны хлопчык.
слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.
•••
Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.
Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.
сле́пкасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць слепкага; асляпляльнасць. Неба — напружанае, бясконцае — трымціць пякельнай слепкасцю. Скрыган.
сле́пкі, ‑ая, ‑ае.
Абл. Асляпляльны. У нейкай халоднай самлеласці каціўся над горадам месяц — крамяны, слепкі і поўны. М. Стральцоў.
сле́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. слеп, ‑ла; незак.
Рабіцца сляпым; траціць здольнасць бачыць. Румба слепла, працаваць яна не магла ўжо зусім. Навуменка. [Юстына:] — Пахавала дачок, дый Гарбуна старога. Ой, колькі я выплакала тады, ажно слепнуць стала. Гурскі. // Часова не бачыць (ад дыму, моцнага святла і пад.). Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб! Гэта ўзважана сэрцам, на нервах расстайных дарог, дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп. Вялюгін.
сле́сар, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па ручной апрацоўцы, зборцы і рамонту металічных вырабаў. Слесар-інструментальшчык. Слесар-зборшчык. □ У 1698 годзе англійскі слесар Томас Ньюкомен атрымаў першы патэнт на цеплавую машыну для падняцця вады. «Маладосць».
сле́сарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да слесара. Слесарская праца. □ Дні праз тры прывёз Зусь на рамізніку скрынку са слесарскім інструментам. Мурашка.
сле́сарства, ‑а, н.
Рамяство, занятак слесара.
слесарчу́к, ‑а, м.
Разм. Памочнік або вучань слесара (звычайна недарослы).
слёзавыдзяле́нне, ‑я, н.
Выдзяленне слёз слёзнымі залозамі.