Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сла́ламны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слалама. Слаламная траса. // Які служыць для слалама. Слаламныя лыжы.

сла́нец 1, ‑нцу, м.

Горная парода, якая мае слаістую будову, можа расслойвацца. Гліністы сланец. Гаручыя сланцы.

•••

Бітумінозныя сланцы — мінеральныя пароды, насычаныя бітумінознымі рэчывамі.

сла́нец 2, ‑нцу, м.

1. Лён або каноплі, што сцелюць для апрацоўкі.

2. Тое, што і сланік.

слане́чнік, ‑у, м.

1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з буйным жоўтым суквеццем на высокім сцябле (вырошчваецца ў асноўным для атрымання алею з насення). На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку. Пестрак. Ніжэй згіналі цераз плот цяжкія шапкі цыбатыя сланечнікі. Адамчык.

2. Насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак. [Максім Сцяпанавіч:] — І танцаваць не ўмею. Не навучыўся, бачыш, у маладосці, бо гэта, як і лусканне сланечніку, страшэнным мяшчанствам лічылася. Карпаў.

слане́чнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сланечніку. Далёка застаўся сланечнікавы палетак, мінулі ржышча са стагамі саломы і выйшлі на палявую сцежку. С. Александровіч. // Які здабываецца з насення сланечніку. Сланечнікавы алей. Сланечнікавая макуха.

сла́нік, ‑у, м.

Хмызняковае дрэва або нізкарослыя кусты, якія сцелюцца па зямлі і растуць у горнай мясцовасці і ў тундры. Трохі вышэй пачынаўся хваёвы сланік, у ім ужо можна было схавацца. Быкаў.

сла́нікавы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца сланікам. Сланікавы зараснік.

слані́ха, ‑і, ДМ ‑нісе, ж.

Самка слана.

сла́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. слаць ​2 (у 1–3 знач.).

слано́васць, ‑і, ж.

Захворванне, якое праяўляецца ў моцным павелічэнні аб’ёму асобных частак цела (звычайна ног).

слано́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слана (у 1 знач.). Слановы хобат. Слановыя біўні.

2. Як адна з частак некаторых заалагічных і батанічных назваў. Слановая чарапаха. Слановая пальма.

•••

Слановая хвароба гл. хвароба.