Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

салато́пня, ‑і, ж.

Разм. Прадпрыемства, дзе вытопліваюць сала.

салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.

2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

салаўі́ха, ‑і, ДМ ‑лаўісе, ж.

Разм. Самка салаўя. Немаўлят ахінула цяплей салаўіха, Промень зябка ступіў у аўсы. Гаўрусёў.

салаўяня́ і салаўянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня салаўя. Сядзела на гняздзечку Салаўіха, чакаючы Салаўянят. Корбан.

сала́ш, ‑а, м.

Абл. Будан. Дзед Талаш ведаў у пушчы мазырскіх лясоў спрытна пабудаваныя салашы, дзе летам мелі прыпынак смалакуры. Колас.

салга́ць, салгу, салжэш, салжэ; салжом, салжаце, салгуць.

Зак. да ілгаць.

салда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.

2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.

•••

Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.

Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.

Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.

У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.

У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.

салда́таў, ‑ава.

Разм. Які належыць салдату. Салдатава сэрца білася гэтак, што, здавалася, вось-вось выскачыць з грудзей. Сабаленка.

салда́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. так; ж.

Жонка салдата. Салдаткі сумныя маўкліва Збіралі шчаўе ў прыпол. Вялюгін.

салдатня́, ‑і, ж., зб.

Разм. груб. Салдаты. Нясвіж кішэў ваеннымі чыноўнікамі розных інтэнданцтваў і змардаванай маршавай салдатнёй. Хведаровіч. Па станцыю прыбыў эшалон, салдатня, звонячы вёдрамі і кацялкамі, бяжыць да кубавой па вар. Навуменка.