гры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑зёмся, ‑зяцеся; пр. грызся, ‑лася; незак.
1. Змагаючыся, кусаць адзін аднаго зубамі (пра жывёл). Ваўкі грызуцца.
2. перан. Разм. Сварыцца, спрачацца. Людзі спыняліся пад вокнамі, падоўгу слухалі і адыходзіліся: — Зноў Верамейчыкі грызуцца. Крапіва.
грылья́ж, ‑у, м.
Сорт цукерак з падсмажанымі арэхамі і міндалём.
[Фр. grillage — смажанне.]
грым, ‑у, м.
1. Спецыяльныя фарбы, наклейкі, накладкі, з дапамогай якіх надаюць твару акцёра патрэбны выгляд. Налажыць грым. Зняць грым.
2. Патрэбны для ігры на сцэне выгляд акцёра, прыдадзены яму з дапамогай фарбаў, наклеек, накладак. Асабліва многа было фатаграфій гэтай жанчыны — у грыме, у розных уборах і паставах. Карпаў.
[Ад іт. grimo — маршчыністы.]
грыма́к, ‑а, м.
Разм. Удар кулаком; кухталь. Надаваць грымакоў.
грыма́са, ‑ы, ж.
Наўмыснае або міжвольнае скрыўленне рысаў твару; міна. Строіць грымасы. □ Застаўшыся адзін, Кузьма Кузьміч страціў незалежна рашучы выраз, і яго твар, нібы ад зубнога болю, зморшчыўся ў пакутлівай грымасе. Быкаў.
[Фр. grimace.]
грыма́снік, ‑а, м.
Разм. Той, хто грымаснічае.
грыма́снічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грымаснічаць.
грыма́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Рабіць грымасы. Любка круцілася як апантаная перад люстрам. Станавілася перад ім і так і гэтак, .. грымаснічала. Лынькоў.
грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.
2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.