эпізады́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Нерэгулярны, несістэматычны. Эпізадычная дапамога. Эпізадычны кантроль. □ Вывучаючы яго [Скарыны] жыццё і дзейнасць, можна пераканацца ў тым, што цікавасць да вывучэння прыроды, самога жыцця ў беларускага вучонага праявілася вельмі рана і што яго заняткі медыцынай і баганікай не мелі эпізадычнага характару. Алексютовіч. // Неістотны, які не мае вялікага, рашаючага значэння. Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, рускіх, нямецкіх. Шамякін.
2. Які з’яўляецца толькі ў асобных сцэнах, эпізодах. Потым .. [Манро] паступіла на кінастудыю, здымалася ў эпізадычных нямых ролях. Новікаў. На першым часе навічкі выступалі ў масоўках ці выконвалі эпізадычныя ролі. «Маладосць».
эпізао́тыя, ‑і, ж.
Спец. Шырокае распаўсюджанне якой‑н. заразнай хваробы жывёл. Эпізаотыя сібірскай язвы.
[Ад грэч. epi — на, над і zōon — жывёла.]
эпізо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Асобнае здарэнне, падзея, выпадак з жыцця. Дзед Талаш расказваў пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця. Колас. Генадзь расказвае найцікавейшыя эпізоды з сваіх вандровак па Беларусі. Сабаленка. // Адзін з момантаў якой‑н. з’явы, працэсу і пад. Мітусіліся перад вачыма розныя эпізоды бою. Кулакоўскі. // Выпадковае, пабочнае здарэнне, падзея. [Зачэпа:] — Калі б змова ўдалася Каталіну, дык ваш сацыялізм быў бы пабудаваны тысячу год назад.. А што такое Каталіна? Эпізод, пра які забыліся праз дзесяць гадоў. Асіпенка.
2. Сцэна, фрагмент якога‑н. мастацкага твора, які мае пэўную самастойнасць і закончанасць. Вялікае сэрца Макоўчыка раскрываецца ў гэтым цэнтральным эпізодзе апавядання. Чытач адчувае, на які подзвіг здольны гэты салдат. «Полымя». // У тэатральных пастаноўках — устаўка (з’ява, сцэна), не звязаная з развіццём дзеяння. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год як я працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Усё на выхадах і на эпізодах. Рамановіч. // Частка кінафільма, якая з’яўляецца сюжэтна закончаным урыўкам. Кінастудыя здымала фільм пра вайну. Рыхтаваўся эпізод — бежанцы на дарозе. Арабей.
[Ад грэч. epeisódion — устаўка.]
э́пік, ‑а, м.
Аўтар эпічных твораў. Талент Коласа, эпіка і рэаліста, набывае, як бачым, новыя грані і якасці. Навуменка.
э́піка, ‑і, ДМ эпіцы, ж.
1. Сукупнасць эпічных твораў. Руская эпіка.
2. Тое, што і знае. Эпічная па свайму жанраваму характару трылогія [«На ростанях» Я. Коласа] перадае і самыя тонкія лірычныя перажыванні. Эпіка і лірыка спалучаюцца ў ёй ужо вельмі натуральна і арганічна. Гіст. бел. сав. літ.
эпіка́рд, ‑а і эпіка́рдый, ‑я, м.
Спец. Знадворны слой сценак сэрца.
[Ад грэч. épi — на, над, пры і kardia — сэрца.]
эпікарды́т, ‑у, М ‑дыце, м.
Спец. Запаленне эпікарда.
эпікры́з, ‑у, м.
Спец. Заключэнне ўрача ў гісторыі хваробы, якое тлумачыць прычыны хваробы, яе праходжанне, лячэнне і зыход.
[Ад грэч. epi — пасля і krisis — рашэнне.]
эпікурэ́ец, ‑рэйца, м.
1. Паслядоўнік эпікурэізму (у 1, 2 знач.).
2. Чалавек, які вышэй за ўсё ставіць асабістае задавальненне і асалоду.
эпікурэі́зм, ‑у, м.
1. Вучэнне, сістэма поглядаў старажытнагрэчаскага філосафа Эпікура.
2. Кніжн. Сістэма поглядаў, якая вырасла на глебе скажонага тлумачэння вучэння Эпікура як імкненне да задавальнення пачуццёвых інстынктаў і дасягнення асабістых выгод.
3. перан. Кніжн. Схільнасць да пачуццёвага задавальнення, распешчанага жыцця.