ха́рканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. харкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
ха́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Кашляючы, выплёўваць макроту. [Тубі] добра памятаў свайго бацьку. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкае крывёю. Маўр. Хлапчук скурчыўся, бы з жывата вырывала апошнія шлункі, пачаў адплёўвацца, харкаць. Паўлаў.
ха́ркі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Макрота; харкавінне. [Стараста Сівілей] курыў і зацягваўся на поўны рот, выплёўваў харкі і быў заўсёды злы. Ермаловіч.
ха́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да харкаць.
харко́та, ‑ы, ДМ ‑коце, ж.
Разм. Выплёўванне макроты.
харо́міна, ‑ы, ж.
Вялікі будынак. [Гукан:] — Яны там у лясніцтве дачу сабе адгрохалі.. Хароміна! Шамякін. Трэба людзям дуб ці якая жардзіна — усё сюды, у лясы пятроўскія, едуць. Там ужо і з хатамі не вельмі раскашоўваюцца: не разводзяць харомін. Ракітны.
харо́шы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Прыгожы, прывабны. Вельмі харошага жаніха.. дачцэ [Лопаніхі] ўжо не шукаць, а гэты хоць і дохленькі, крываногі, ды ўсё ж — гаспадар. Кулакоўскі. Прыбяры пень, дык і пень будзе харошы. Прымаўка.
2. Які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі. Харошы.. [Сымон Пятровіч] мужык, справядлівы... Грахоўскі. Харошы салдат ехаў з намі. Такі не толькі плашч-палатку аддасць, а калі трэба, то і сабою заслоніць. Хомчанка.
3. Добры, высакаякасны. Гэты невялікі рэстаран быў трэцяга разраду. Тут падавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак. Харошы быў крук, моцны. Лынькоў. // Які прыносіць задавальненне; прыемны. [Гарлахвацкі:] Такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца. Крапіва. Маладыя, родныя, харошыя, Не крычыце пад маім акном У той час, як госцяю няпрошанай Узыходзіць поўня над сялом. Жычка.
4. (у сяброўскім звароце). Дарагі, любы, мілы. Мой харошы, мой саколік, Сэрца тваё чую. Абніму і, як ніколі, Моцна пацалую. А. Александровіч. — Другая рэч, Антось харошы: Таксама трэба мець і грошы, — Міхал прамовіў ціхім басам. Колас. — Добра, — засмяялася маці. — Памочнік ты мой харошы! Даніленка.
ха́ртыя, ‑і, ж.
1. Старадаўні рукапіс, а таксама матэрыял (звычайна папірус або пергамент), на якім ён напісаны.
2. У сярэднія вякі — дакумент, грамата, што давала або пацвярджала якія‑н. правы і вольнасці. Вялікая хартыя вольнасцей.
3. Кніжн. Назва дакументаў важнага грамадска-палітычнага значэння. Раскрыты старонкі праўдзівых законаў, Якія наш прадзед спрадвеку шукаў. Праменныя літары ззяюць іх сёння Славутаю хартыяй ленінскіх спраў. Хведаровіч.
[Лац. chárta ад грэч. chártēs — папера, грамата.]
хару́гва, ‑ы, ж.
1. Уст. Баявы сцяг войска. А вецер калыша харугвы палкоў ды чэша барады маскоўскіх паслаў. Вялюгін.
2. Царкоўны сцяг. часцей палотнішча на доўгім дрэўку з вобразамі святых, якое носяць у час рэлігійных свят. Цэлы сінкліт папоў, панаехаўшых сюды нагадавое свята з навакольных парафій, уваходзіў у царкву, за імі.. неслі абразы і харугвы. Машара.
[Ад манг. аронга — знак, сцяг.]
хару́нжы, ‑ага, м.
Гіст.
1. Сцяганосец у войску.
2. Малодшы афіцэрскі чын у казацкім войску. // Асоба, якая мела такі чын.
[Польск. chorąży.]