Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэатраліза́цыя, ‑і, ж.

Прыстасаванне для сцэны, для тэатра; увядзенне элементаў драматычнага дзеяння. Тэатралізацыя паэмы «Сымон-музыка». Тэатралізацыя народнага танца. Прыёмы тэатралізацыі.

тэатра́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Жан. да тэатрал.

тэатра́льнасць, ‑і, ж.

1. Спец. Сукупнасць характэрных уласцівасцей і прыёмаў сцэнічнага майстэрства.

2. перан. Дзеянні, учынкі, разлічаныя на знешні эфект; найгрыш, натуральнасць у дзеяннях, паводзінах і пад. І прытым тэатральнасць у .. паводзінах [Арэшкіна] Лемяшэвіч заўважыў пры сустрэчы. А тут Арэшкін трымаўся значна больш проста і шчыра. Шамякін. А чалавек ужо гаварыў, калі можна было так назваць хрыплы і глухі, як падземнае рэха, голас, у якім усё ж чулася, я б сказаў, нейкая падкрэсленая тэатральнасць. Кірэенка.

тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач. // Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю. Гіст. бел. сав. літ. // Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі. Бядуля. У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач. Рамановіч. // Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.

2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.

3. перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла. Брыль.

•••

Тэатральныя падмосткі гл. падмосткі.

тэатра́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. зневаж. Паказная эфектнасць, ненатуральнасць тэатральнай ігры.

тэатрама́н, ‑а, м.

Чалавек, які празмерна захапляецца тэатрам.

тэатрама́нія, ‑і, ж.

Празмернае захапленне тэатрам.

тэатрама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да тэатраман.