Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

квант, ‑а, М ‑нце, м.

Найменшая колькасць якой‑н. энергіі. Квант светлавой энергіі. Тэорыя квантаў.

[Ад лац. quantum — колькі.]

ква́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кванта. Квантавая тэорыя святла.

•••

Квантавая механіка гл. механіка.

Квантавая хімія гл. хімія.

Квантавая электрадынаміка гл. электрадынаміка.

Квантавая электроніка гл. электроніка.

кванто́метр, ‑а, м.

Прыбор, які аналізуе хімічны састаў аб’екта па яго выпраменьванню.

квантытаты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Колькасны. Квантытатыўная рэдукцыя галосных.

[Ад лац. quantitas — колькасць.]

ква́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак., на каго-што.

Мець жаданне, імкнуцца завалодаць чым‑н. Квапіцца на чужое. □ Надта ж квапіўся на бацькава дабро сын, хацеў менш рабіць і больш права распараджацца. Сачанка. Не ідуць на прынаду ні воўк, ні ліс Заяц на канюшыну не квапіцца. Ермаловіч.

ква́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак., на каго-што.

Разм. Тое, што і квапіцца. — А на доктара мы не лішне квапім — Бандарчык дзешавей. Чорны.

ква́пнасць, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сквапнасць.

ква́пны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і сквапны. Квапным вокам [Міхля] акінула Харытонаў пакойчык. Баранавых.

кварк, ‑а, м.

Тэарэтычна дапушчальная часцінка, з разнавіднасцей якой, як мяркуецца, складаюцца элементарныя часцінкі.

ква́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы гарца, або 0,70577 літра. Кварта жыта. □ Амброжык Кубел разгуляўся, Са ўсімі шчыра цалаваўся, І кварту трэцюю ўжо ставіў, І ўсёю выпіўкаю правіў. Колас. // Металічны кубак роўны прыблізна гэтай меры. Антон зачарпнуў у вядры і паднёс да губ знаёмую медную кварту. Ракітны. Тося разлівае па квартах малако. Савіцкі.

2. У музыцы — чацвёртая ступень дыятанічнага гукарада. // Інтэрвал, які ахоплівае 4 ступені.

[Ад лац. quarta — чацвёртая.]