жа́варанкаў і жа́ўранкаў, ‑ава.
Які належыць жаваранку, жаўранку, уласцівы яму. Твары пазіралі ў далёкае неба, нібы ўглядаліся ў вячыстае сонца, прыслухоўваліся да жаваранкавай песні, што ўслаўляла веліч і радасць жыцця, яго мудрую бессмяротнасць. Лынькоў.
жава́ць, жую, жуеш, жуе; жуём, жуяце; заг. жуй; незак., што.
1. Размінаць ежу або што‑н. зубамі. Дзед, выцягнуўшы з торбы сухую скарынку мёрзлага хлеба, стаў жаваць. Каваль. Тады ардэн пакіне жаваць траву, падыме галаву, захрапе ад незвычайнага гуку ды зноў пачне грызці. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Доўга і нудна гаварыць, разбіраць адно і тое ж. Будзе жаваць цэлую гадзіну адно і тое ж.
•••
Жаваць жвачку — тое, што і жаваць (у 2 знач.).
Жаваць словы — неразборліва, нячленараздзельна гаварыць.
жаве́ль, ‑вялю; м.
Хлорысты раствор, едкая зеленавата-жоўтая вадкасць, якая выкарыстоўваецца для адбелкі тканін.
[Ад геагр. назвы.]
жагна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Уст. Хрысціцца. Як зазванілі, ён зняў шапку і пачаў жагнацца. Чорны.
жагна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Уст.
1. Хрысціць крыжам каго‑, што‑н. Арцыбіскуп падыходзіць да апосталаў, жагнае іх і працягвае руку да кароны. Клімковіч.
2. Благаслаўляць. — Йдзі, сыночку, я жагнаю З ворагамі біцца... Чарот.
жада́нне, ‑я, н.
1. Унутранае імкненне, цяга да ажыццяўлення чаго‑н.; хаценне чаго‑н.; ахвота. [Віця] вельмі хацеў азірнуцца, але перамог такое жаданне. Чарнышэвіч. — Вось тваё жаданне і збылося, — усміхнуўся. Мірон. Маўр.
2. Прадмет захаплення, мары і пад. Вучоба — вось яго жаданне.
жада́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, да якога імкнуцца, якога чакаюць, хочуць. Калі ласка! Калі ласка! Тут заўсёды месца ёсць, — Не саромейся ж, Параска, Ты для нас — жаданы госць. Крапіва. Мы доўга плылі ў бурным моры, І ўраз — жаданая зямля! Багдановіч. // Любімы, дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой. Валасевіч.
жада́цца, ‑аецца; безас. незак., чаго або з інф.
Хацецца. Так жадалася вярнуць зноў усё пражытае, усё былое... Лынькоў.
жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».
1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.
2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.