грыма́са, ‑ы, ж.
Наўмыснае або міжвольнае скрыўленне рысаў твару; міна. Строіць грымасы. □ Застаўшыся адзін, Кузьма Кузьміч страціў незалежна рашучы выраз, і яго твар, нібы ад зубнога болю, зморшчыўся ў пакутлівай грымасе. Быкаў.
[Фр. grimace.]
грыма́снік, ‑а, м.
Разм. Той, хто грымаснічае.
грыма́снічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грымаснічаць.
грыма́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Рабіць грымасы. Любка круцілася як апантаная перад люстрам. Станавілася перад ім і так і гэтак, .. грымаснічала. Лынькоў.
грыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. Утвараць моцныя рэзкія гукі, грукат, шум. Паравоз дрыжаў, грымеў, скрыгатаў. Мележ. У кароўніку грымелі ланцугі, чуўся звон бляшаных даёнак, цурканне малака. Дуброўскі. // чым. Утвараць рэзкія гукі, грукат, стук. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. Нястомны дзяцел лес трывожыць, Па хвоі дзюбаю грыміць. Калачынскі. // Пра раскаты грому. Усё новыя і новыя ўдары грому глуха грымяць над самым вакзалам. Лупсякоў. / у безас. ужыв. На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. // Пра выбухі, страляніну, шум мора і пад. Грымелі гарматы, тахкалі мінамёты. Ставер. Мора грымела, але рыбакоў не палохала. Лось. Воддал[ь] грымеў марскі прыбой. Самуйлёнак. // Пра гучныя песні, крык, шумную ігру на музычных інструментах і пад. Над плошчай грымела «ура». □ У суседнім пакоі грымела радыёла. Корбан. У парку грымеў аркестр. Хадкевіч. // перан. Разм. Гаварыць гучным узрушаным голасам, з гневам або запалам. — Яшчэ вады! Яшчэ! — грыміць Змітрок. Бядуля. — Я заўсёды стаяў цвёрда на зямлі, — грымеў словамі мельнік. Чорны.
2. перан. Карыстацца вялікай папулярнасцю, славіцца. — Дырэктар школы Яснікоў ужо грыміць на ўсю рэспубліку. Шамякін. // Мець вялікае пашырэнне. [Бандарчык:] Слава пра наш калгас грыміць на ўсю вобласць. Крапіва.
грымёр, ‑а, м.
Работнік тэатра, які грыміруе артыстаў.
грымёрскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грымёра, належыць яму. Грымёрскае майстэрства. Грымёрскія абавязкі.
грымірава́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і грыміровачны (у 1 знач.). Грыміравальныя фарбы.
грымірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грыміраваць і грыміравацца.