Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

боезабеспячэ́нне, ‑я, н.

Забеспячэнне войск узбраеннем і боепрыпасамі.

боезапа́с, ‑у, м.

Пэўны запас боепрыпасаў для вядзення бою. Адкінутыя з вялізнаю сілай вежы гаварылі аб выбухах боезапасаў ўнутры саміх танкаў. Лынькоў.

боекампле́кт, ‑а, М ‑кце, м.

Пэўная колькасць боепрыпасаў (снарадаў, патронаў і пад.), устаноўленая на адзінку артылерыйскага або стралковага ўзбраення.

боепрыпа́сы, ‑аў; адз.

Баявыя прыпасы: снарады, міны, патроны і пад. На пуцях стаяў мёртвы бронецягнік, палалі эшалоны з боепрыпасамі. Мележ.

бо́жа,

гл. бог.

бо́жканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. божкаць.

бо́жкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Стагнаць, бедаваць, плакаць, упамінаючы часта слова «божа». [Цётка] так божкала і ламала сабе рукі, што маці не вытрымлівала і бралася суцяшаць. Сачанка.

бо́жухна, м.

Разм. Ужываецца як форма звароту да бога.

•••

Божухна; а божухна! (у знач. выкл.) — выказвае здзіўленне, радасць, абурэнне і пад. Колькі свечак, колькі лямпаў, а божухна! Бядуля.

бо́жы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бога. Божая воля. // Уст. Створаны богам, прыналежны богу. Конскія рэбры пачалі хадзіць пад скураю, пара павярнула з шыі гэтага божага стварэння. Чорны.

•••

Божая авечка гл. авечка.

Божая іскра гл. іскра.

Божы дар гл. дар.

Кожны божы дзень гл. дзень.

Свету божага (белага) не бачыць гл. бачыць.

бо́й, бо́ю, М у баі́; мн. баі́, баёў; м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. біцца (у 1 знач.); бітва, змаганне. Наступальны бой. Сустрэчны бой. Рукапашны бой. Поле бою. Разведка боем. Весці бой. Прыняць бой. □ Не паспеў Шутаў дапытаць палонных, як на паўднёвым баку [вёскі] узгарэўся бой. Мележ. У небе натужліва вылі і звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі і дымам ішоў паветраны бой. Шамякін. Натапырыўшы пер’е.. [вераб’іха] падрыхтавалася да бою. Шуцько.

2. Барацьба, спаборніцтва. Кулачны бой. Бой быкоў. // перан. Барацьба з чым‑н., што перашкаджае ў жыцці, у працы. Тут моладзь з багнай бой вядзе. Смагаровіч.

3. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. біць (у 7, 9 знач.). Стрэльба дакладнага бою. Барабанны бой. Бой курантаў.

4. зб. Разбітая, расколатая на кавалкі шкляная, гліняная і інш. пасуда, разбітыя прадметы.

•••

Бой-баба гл. баба.

Браць (узяць) з бою (боем) гл. браць.

Даць (даваць) бой гл. даць.