ачко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ачка (у 2 знач.). Падвядзенне вынікаў спаборніцтва па ачковай сістэме.
ачму́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад ачмурыць.
ачмура́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ачмурыць.
ачмуры́ць, ачмуру, ачмурыш, ачмурыць; зак., каго-што.
Разм.
1. Задурманіць, затлуміць. Гэта, відаць, хмель ачмурыў маю галаву. Рамановіч.
2. Абдурыць, схіліць на што‑н., збіць з толку.
ачмурэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які страціў здольнасць ясна ўспрымаць і разумець навакольнае; які знаходзіцца ў стане ачмурэння. Нехта вывалак ачмурэлага Фадзея з будыніны і пакінуў у бульбяніку. Пянкрат.
ачмурэ́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. ачмурэць.
ачмурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Страціць здольнасць ясна ўспрымаць і разумець навакольнае; адурэць. [Сусед Сідара:] — Куды вы!.. Ачмурэлі!.. Згубіць сябе хочаце!.. Галавач. — Як бог свят, ачмурэў чалавек! — спалохаўся дзед. Бажко.
ачмуці́ць, ачмучу, ачмуціш, ачмуціць; зак., каго.
Разм. Адурманіць; абдурыць.
ачну́цца, ачнуся, ачнешся, ачнецца; ачнёмся, ачняцеся; зак.
1. Прачнуцца, абудзіцца. Як ачнуўся, была ўжо раніца. Краўчанка. / у перан. ужыв. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў .. [дзеда Мікіты] яго маладая бунтоўная кроў, — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. Колас.
2. Апрытомнець, апамятацца. Калі.. [Палазок] ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Колас. // Выйсці са стану глыбокай задуменнасці, забыцця; схамянуцца. Казімір ачнуўся ад успамінаў, якія прамільгнулі перад ім кароткімі малюнкамі,.. і рвануў краёчак канверта. Краўчанка.
ачо́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Апамятацца, агледзецца, разабрацца ў новых, нечаканых абставінах. Было відаць, багата хто быў як бы аглушан бачаным, не мог ачомацца. Мележ. Не паспеў Міхась ачомацца ад страшнага відовішча, як недзе над вёскай пачаўся свіст бомбаў і траскатлівыя выбухі. Асіпенка. Калі ж Вайцех ачомаўся, на памяць яму ўсплыў адзін малюнак. Пташнікаў.