Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэ́хнік, ‑а, м.

1. Спецыяліст у якой‑н. галіне тэхнікі з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Інжынеры і тэхнікі. Тэхнік-электрык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка.

2. Чалавек, які працуе ў галіне тэхнікі. Глядзеў Сяргей перад сабой уніз, дзе стаялі лётчыкі, матарысты, тэхнікі. Лынькоў. // Пра работніка з сярэдняй адукацыяй у некаторых іншых галінах. Тэхнік-статыст. Тэхнік-лесавод. // Разм. Навучэнец тэхнічнай навучальнай установы. Старэйшы сын фізік, а малодшы — тэхнік.

3. Чалавек, які валодае высокай тэхнікай, высокім майстэрствам у якой‑н. справе, мастацтве. Для натуршчыцы «Джаконды» Леанарда да Вінчы вынайшаў і змайстраваў уласнымі рукамі многа цікавых прылад працы. Большасць з іх вядома сучасным тэхнікам і заслужыла высокай адзнакі. Матрунёнак.

•••

Зубны тэхнік — спецыяліст, які робіць зубныя пратэзы.

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

тэхніка-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тэхнічны» (у 1 знач.), напрыклад: тэхніка-вытворчы, тэхніка-утылітарны.

тэ́хнікум, ‑а, м.

Сярэдняя прафесіянальная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне тэхнікі. Індустрыяльны тэхнікум. Аўтамеханічны тэхнікум. □ [Бумажкоў] вучыўся заўсёды. Пасля пачатковай школы займаўся самаадукаваннем, а пасля прыехаў вучыцца ў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, які скончыў у 1933 годзе. Чорны. // Усякая сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова. Бібліятэчны тэхнікум. Фізкультурны тэхнікум. □ Толькі ў Ашмянскім тэхнікуме .. за пяць гадоў падрыхтавана больш за 400 кіраўнікоў самадзейных драмгурткоў, харавых і танцавальных калектываў. «Полымя».

тэ́хнікумаўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да тэхнікума; належыць яму. Тэхнікумаўскі інтэрнат. □ Распрануты да паясніцы, я шыбаваў па вясковай вуліцы і з удзячнасцю ўспамінаў тэхнікумаўскага выкладчыка фізвыхавання. Нядзведскі.

тэхніцы́зм, ‑у, м.

Кніжн.

1. Празмернае захапленне тэхнічным бокам якой‑н. справы на шкоду яе сутнасці. Голы тэхніцызм.

2. Празмерны ўхіл у бок паказу тэхнікі, вытворчасці, машын у мастацкіх творах.

тэхні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Работніца, якая прыбірае памяшканне; прыбіральшчыца. З вучнямі, якія дрэнна займаліся па мове,.. [настаўніца] заставалася пасля ўрокаў у якім-небудзь класе, выклікаючы нездавальненне тэхнічак, якія не маглі падмесці клас і пайсці хутчэй дадому. Ермаловіч.

2. Машына тэхнічнай дапамогі. Прыехала тэхнічка і паправіла электралінію.

тэхні́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць тэхнічнага (у 7 знач.). Тэхнічнасць гульні футбольнай каманды.

тэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэхнікі (у 1 знач.), звязаны з ёй. Тэхнічныя праблемы. Тэхнічны прагрэс. Тэхнічная рэканструкцыя народнай гаспадаркі. // Які звязаны з вывучэннем, пашырэннем і навуковай распрацоўкай тэхнікі; які абумоўлівае гэтыя працэсы. Тэхнічныя навукі. Тэхнічныя веды. Тэхнічная літаратура. Тэхнічная інфармацыя. // Які заняты, працуе ў галіне тэхнікі. Тэхнічная інтэлігенцыя.

2. Які мае адносіны да тэхнікі (у 2 знач.), звязаны з абслугоўваннем, захаваннем, выкарыстаннем і эксплуатацыяй яе. Тэхнічныя навыкі. Тэхнічныя прыёмы.

3. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з працэсам вытворчасці чаго‑н. Тэхнічныя магчымасці станка. Тэхнічныя патрабаванне Тэхнічная дакументацыя. // Звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой‑н. вытворчасці. Тэхнічная служба. Тэхнічны аддзел. Тэхнічны склад.

4. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці. Тэхнічныя культуры. Тэхнічная вада. Тэхнічнае масла.

5. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой‑н. справе. Тэхнічны сакратар. Тэхнічныя работнікі сцэны.

6. Які абазначае спецыяльнае паняцце, што адносіцца да якой‑н. галіны тэхнікі і навукі; прафесіянальны (пра слова, выраз). Тэхнічны тэрмін.

7. Які вылучаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (пра спорт, мастацтва). Тэхнічны баксёр.

•••

Тэхнічны кантроль — нагляд за якасцю прамысловай прадукцыі, за адпаведнасцю яе ўстаноўленым стандартам.

Тэхнічны мінімум — сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне, неабходныя для рабочага адпаведнай спецыяльнасці.

Тэхнічная норма — норма выпрацоўкі, якая ўстанаўліваецца з улікам забеспячэння тэхнікай і ўмоў працы.

Тэхнічны рэдактар — рэдактар, які ведае паліграфічным афармленнем кнігі, газеты і пад.

Тэхнічны савет — кансультатыўны орган па пытаннях тэхнікі (пры міністэрстве, навукова-даследчым інстытуце, канструктарскім бюро).

тэхно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па тэхналогіі ў якой‑н. галіне вытворчасці. Інжынер-тэхнолаг. Тэхнолаг-хімік. Тэхнолаг-тэкстыльшчык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка. Канструктары і тэхнолагі завода ўпорна працуюць над паляпшэннем эксплуатацыйных якасцей. «Беларусь». // Разм. Студэнт тэхналагічнага інстытута.