Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

грыдзь, ‑і, ж., зб.

Гіст. Малодшая княжацкая дружына ў Старажытнай Русі. // Член гэтай дружыны.

гры́дніца, ‑ы, ж.

Гіст. Памяшканне пры княжацкім двары ў Старажытнай Русі, дзе жыла грыдзь або прымалі гасцей.

гры́жа, ‑ы, ж.

Хвароба, якая характарызуецца выхадам унутранага органа за межы поласці, у якой ён знаходзіцца, праз натуральную ці ненатуральную адтуліну ў гэтай поласці. Грыжа жывата. Грыжа мозга.

гры́жавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грыжы. Грыжавая адтуліна. Грыжавая павязка.

грызану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Аднакр. да грызці.

грызе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. грызці.

грызну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Аднакр. да грызці.

грызня́, ‑і, ж.

1. Барацьба, кусанне адзін аднаго зубамі (у жывёл). Грызня сабак.

2. перан. Сварка, спрэчка. Грызуцца не толькі Верамейчыкі. Рэдка ў якой хаце няма грызні. Крапіва.

грызу́н, ‑а, м.

Млекакормячая жывёліна атрада грызуноў (мыш, заяц, суслік, вавёрка і інш.) з доўгімі моцна развітымі пярэднімі зубамі.

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.