Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скукава́ць, скукую, скукуеш, скукуе; зак.

Разм. Пракукаваць. Скукуе зязюля Адвечнае ку-ку. Купала.

ску́ла 1, ‑ы, ж.

1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.

2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.

ску́ла 2, ‑ы, ж.

Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.

ску́лаваты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты скуламі ​2, са скуламі. Скулаваты чалавек.

скулавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да скулы ​1 (у 1 знач.). Скулавая косць. Скулавая мышца.

2. Спец. Які мае адносіны да скулы ​1 (у 2 знач.). Скулавы пояс карабля.

скула́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скуластага; наяўнасць пукатых скул. Скуластасць твару.

скула́сты, ‑ая, ‑ае.

З пукатымі скуламі ​1. Скуласты твар. □ У чалавека трэсліся рукі, а па скуластых абветраных шчоках цяклі слёзы. Асіпенка. // Які мае такі твар. На пажоўклай ад часу паперы захаваўся здымак: двое маладых хлопцаў стаялі побач. Адзін, крыху старэйшы, скуласты, амаль бязбровы, а другі — худзенькі, з далікатным, як у дзяўчыны, тварам, высокі. Хомчанка. Слова папрасіў русы, скуласты, з чырвоным тварам чалавек. Ермаловіч.

ску́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скуліць.

скулі́цца, скулюся, скулішся, скуліцца; зак.

Разм. Упасці, зваліцца. Старому Пеўню дрэнны сон прысніўся, Устрапянуўся ён і... з седала скуліўся. Валасевіч. Буланы спудзіўся і, захропшы, ірвануў калёсы так, што Тарас ледзь не скуліўся з воза. Гурскі.

скулі́ць, скулю, скуліш, скуліць; зак., каго-што.

Разм. Скінуць, зваліць з чаго‑н. Скуліць сена з воза. □ [Бацька] адчыніў хляўчук і скуліў барака туды, дзе стаялі нашы авечкі. Грамовіч.

ску́лле, ‑я, н., зб.

Разм. Нарывы, балячкі. Вуха скуллем залажыла. / Ужываецца як праклён. [Лявоніха:] — Прыйшла ты, сарока, выведаць, што ў хаце маёй робіцца — скулле даведаешся, не дачакаешся! Бядуля.