Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікае паглыбленне; ямка. Лункі для пасадкі расады. □ Асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў. Шамякін. // Спец. Паглыбленне ў сківіцы, дзе знаходзіцца корань зуба. Лунка зуба.

лу́ннік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з ліловымі духмянымі кветкамі і сэрцападобнымі лістамі.

лунь, ‑я, м.

1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, з шаравата-белым апярэннем у дарослых самцоў; мышалоў. Балоты лунь. Палявы лунь.

2. Абл. Белы балотны туман. Бялее ўсход, на паплавах і ў полі паднімаецца лунь. Гартны. Белы лунь уцякае з узвышша-гары, Пракладае дарогу для сонца. А. Александровіч.

•••

Сівы як лунь гл. сівы.

лу́па, ‑ы, ж.

Павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе.

•••

Бінакулярная лупа — аптычная прылада для разглядвання дробных дэталей двума вокамі адначасова.

[Фр. loupe.]

лупа́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лупатага.

2. Выпучаныя вочы (як сімптом якой‑н. хваробы).

лупа́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае выпучаныя вочы; вірлавокі. Салдат нёс свой аўтамат у руцэ і пільна шнырыў лупатымі вадзянымі вачыма па баках. Якімовіч. У паветры віселі лупатыя, з празрыстымі, як шкельцы, крыльцамі стракозы. Хомчанка.

лу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Лыпаць. Дзіцё спакойна і нібы абыякава лупала чорнымі, як вугалькі, вочкамі. Кулакоўскі.

лупі́на, ‑ы, ж.

1. Вонкавая абалонка плода, семя. Іван з Колем пакідалі на падлогу гарбузовых лупін і коўзаліся. Карпюк.

2. толькі мн. (лупі́ны, ‑пін). Адходы пасля ачысткі пладоў, семя; шалупіны. Набрала [Кацярына] кош лупін са смеццем і падышла да гаража. Ваданосаў.

лупі́нне, ‑я, н., зб.

Лупіны (у 2 знач.); шалупінне.

лупі́цца, лупіцца; незак.

1. Лушчыцца, абдзірацца; аблазіць. Лупіцца скура. Лупіцца афарбоўка. □ Твар у камандзіра быў загарэлым, як бронза. Лупіўся нос. Гурскі.

2. Зал. да лупіць ​1 (у 1 знач.).