Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

луска́, ‑і, ДМ ‑сцэ, ж.

1. Дробныя пласцінкі, якія размешчаны на паверхні цела некаторых пазваночных жывёлін (рыб, яшчарак, змеяў). Цэлымі стайкамі хадзілі .. [плоткі] пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Лынькоў. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва.

2. Слаістае покрыва чаго‑н. Луска цыбулі. □ Зашамацела над галавой сасновая луска: відаць, вавёрачка схавалася ў густую крону. Курто.

лускава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты луской, лускамі; з луской, лускамі. Лускаватая змяя. Лускаваты ствол дрэва.

2. у знач. наз. лускава́тыя, ‑ых. Атрад класа паўзуноў, які аб’ядноўвае падатрады хамелеонаў, яшчарак, змеяў.

•••

Лускаваты лішай гл. лішай.

лускаві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і лусачка.

лускакры́лыя, ‑ых, мн.

Тое, што і матылькі.

лу́сканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лускаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

лускападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па луску, у выглядзе лускі (у 1 знач.). Лускападобнае лісце.

лу́скат, ‑у, М ‑каце, м.

Разм. Трэск, лусканне. З глыбіні лесу пачуўся .. прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Колас.

лу́скацца, ‑аецца; незак.

1. Зал. да лускаць (у 1 знач.).

2. Трэскацца, лопацца, распаўсюджваючы сухі кароткі гук. Стылі .. на с[цю]жы старыя сосны-каржакі, лускалася ад марозу кара на маладым сасонніку. Пташнікаў.

лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.

2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.

лу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да лускаць (у 1 знач.). Вахроў скрыгануў зубамі, нібы луснуў арэх, і пайшоў. Алешка.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Разм. Трэснуць, лопнуць. Бутэлька луснула. □ І слівы сыта луснулі ў баках, Аб’еўшыся і сонцам, і зямлёю. Караткевіч.