Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Адрэзаны вялікі плоскі кавалак (хлеба, сала і г. д.). Маці памагала маслам лусту хлеба і падала сыну. Пальчэўскі. Гаспадыня злазіла ў кубел, адрэзала лусту сала і кавалак каўбасы, выцягнула агурок і ўсё гэта падала Раі. Новікаў.

•••

Адрэзаная луста — тое, што і адрэзаная скіба (гл. скіба).

лусь, у знач. выкл.

Разм. Ужываецца паводле значэння дзеясл. лускаць, луснуць.

лухта́, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Разм. Бязглуздзіца, бяссэнсіца, недарэчнасць; глупства. Нельга было не смяяцца, гледзячы на сур’ёзную Сымонаву міну, з якою выдаваў ён лухту за праўду. Колас.

•••

Вярзці (малоць, плесці) лухту гл. вярзці.

лу́цце, ‑я, н., зб.

Абл.

1. Маладыя тонкія ліпы. Мой бацька хадзіў у лес рэзаць луцце — трэба было на лапці лыка. Сачанка.

2. Лыка маладых ліп. Шаруе [Ганька] рукі, шыю, вушы. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ ліпавым луццем ногі. Васілевіч.

луча́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да лу́чыць.

лучко́вы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Падобны да лука па сваёй будове, выгляду (пра інструменты). Адам рэзаў у хлеўчуку дровы. Прывітаўшыся, Мікола падхапіў канец лучковай пілы і моўчкі пачаў дапамагаць. Якімовіч.

лу́чнасць, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і яднанне. Братняя лучнасць людзей працы.

лу́чнік, ‑а, м.

Гіст. Воін, узброены лукам.

лучні́к, ‑а, м.

Даўнейшае прыстасаванне для асвятлення хаты, у якім гарэла лучына. Як сведак прадзедаўскіх дзён, Лучнік звісае нібы звон, І тоіць нейкі сум зацяты. Колас. — Ты прастудзіўся, — сказала маці і, каб пацешыць сына, дастала з куфра кнігу, падала яму на печ і вышэй падняла лучнік. Хомчанка.

лучо́к, ‑чка, м.

Назва розных інструментаў, прыстасаванняў ці іх частак, якія па форме нагадваюць лук. Лучок смычка. Свідравальны лучок. □ На сярэдзіне касся замацоўвалася драўляная ручка. Найбольш пашыраная назва яе — лучок. «Помнікі». Толькі Раман не кідаў пілы: спачатку рэзаў лучком, тады стаў бензапілой, гэтай зімой перайшоў на электрапілу. Пташнікаў.

лучы́на, ‑ы, ж.

Тонкая сухая, звычайна доўгая сасновая шчэпка, якой даўней асвятлялі сялянскія хаты. У Камуне школа, Электрычнасць, яслі, Дымныя лучыны Назаўсёды згаслі. Купала. У адных хатах гарэлі лямпы, а ў другіх дыміла сасновая лучына. Машара. [Тэафіл] прынёс ... пук лучыны і паклаў на вуголле. Самуйлёнак.