лы́жачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лыжкі; звязаны з вытворчасцю лыжак.
лы́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы. Сталовая лыжка. Чайная лыжка. □ На прыпечку стаялі гліняная міска, чыста вымытая, а ў ёй дзве драўляныя лыжкі. Кулакоўскі. // Колькасць рэчыва, якое можа ўмясціцца ў лыжцы. Чайная лыжка солі. □ Якуб сёрбае лыжак колькі капусты і зноў гаворыць. Якімовіч.
•••
У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.
лы́жнік, ‑а, м.
Той, хто ходзіць на лыжах, займаецца лыжным спортам. Іван Мацвеевіч быў заўзятым лыжнікам і мяне прывучыў да гэтага занятку. Васілёнак.
лы́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лыжаў. Лыжная фабрыка. Лыжны след. // Прызначаны для хадзьбы на лыжах. Лыжка касцюм. // Звязаны з хадзьбой, бегам на лыжах. Лыжны спорт. Лыжны паход.
2. Які складаецца з лыжнікаў. Лыжная каманда.
лыжня́, ‑і, ж.
След, пракладзены лыжамі. Коля збочвае з дарогі і па пракладзенай лыжні ідзе да ракі. Шыловіч.
лы́жы, ‑аў; адз. лыжа, ‑ы, ж.
Плоскія драўляныя загнутыя спераду палазы, якія прымацоўваюць да абутку для перамяшчэння па снезе. Хадзіць на лыжах. □ Мы змораныя ля сасны Зрабілі б свой прывал, Дзе лыжаў след, як дзве струны, Пралез праз перавал. Танк. // Узлётна-пасадачныя палазы самалёта, якія ўстанаўліваюцца замест колаў у зімні час.
•••
Навастрыць лыжы гл. навастрыць.
лы́ка, ‑а, н.
Луб з карой маладых лісцевых дрэў (пераважна ліпы); палоска такога лубу з карой. Драць лыка. □ Бацька з адменнага лыка Лапці малым нам пляце; Цень з барадою вялікай Лёг ад яго на куце. Смагаровіч.
•••
Лыка не вяжа гл. вязаць.
Не лыкам шыты гл. шыты.
лы́кавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з лыка. Лыкавыя лапці.