Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

лупі́ць ​1, луплю, лупіш, лупіць; незак.

1. каго-што. Знімаць, абдзіраць скуру, кару і пад.; бяліць. Лупіць зайца. Лупіць кару з ліпы. // Ачышчаць ад лупін; абіраць. Саджуся на адмыслова адрэзаны круглячок і пачынаю лупіць бульбу. Сабаленка.

2. каго. Разм. Моцна біць, лупцаваць каго‑н. У памяшканні стала цёмна. Паліцаяў змялі каля дзвярэй, лупілі нагамі і кулакамі. Няхай. [Кася:] — Як толькі конь пачне наравіцца — лупі яго з усяе сілы. Якімовіч. // без дап. Разм. Удараць, стукаць па чым‑н. Лупіць нагой у дзверы.

3. што і без дап. Разм. Назначаць празмерна высокую цану, браць вялікую, непамерную плату за што‑н. — Семсот рублёў?!! Ды дзе ваш розум! За дробязь гэткую цану лупіць! Вы лічыце мяне, напэўна, нецвярозым. Корбан. — Дваццаць пяць рублёў? — здзівіўся Лемяшэвіч. — Нішто! Гэта вы з усіх так лупіце? Шамякін.

4. Разм. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое выконваецца з асаблівай сілай, азартам і пад. Лупіць дождж. □ — Ты чаго не мяняеш пазіцыі?! — закрычаў я са злосцю, бачачы, што дзяўчына.. заядла лупіць з вінтоўкі па паліцаях. Карпюк. — Малайцы, — скупа пахваліў .. [Якімцаў] парадак у нашым пакоі. — .. І ў карты, бачу, не лупіце. Савіцкі.

•••

Лупіць скуру — а) браць празмерна вялікую плату; б) моцна біць, лупцаваць.

Лупіць як сідараву казу — біць моцна, бязлітасна.

лупі́ць ​2, луплю, лупіш, лупіць; незак.

У выразе: лупіць вочы на каго-што — пільна глядзець шырока расплюшчанымі вачамі. [Валасны старшыня:] — Цікаўны які! Няма чаго вочы лупіць на панскі маёнтак. Другі раз абыходзь. Якімовіч.

лу́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад лупіць ​1 (у 1, 2 знач.).

лупня́к, ‑у, м.

Уст. Сланец.

лупцава́ны і лупцо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад лупцаваць (у 1 знач.).

лупцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што і без дап.

1. Біць, хвастаць. Не звяртаючы ўвагі на мой крык, Язэп усё цягаў мяне за вуха і ўвесь час лупцаваў дубцом па спіне. Лупсякоў. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Мележ. // Стукаць, удараць па чым‑н. Крычаў і Федзя: «Дахаты». І таксама лупцаваў лыжкай па стале, тупаў нагамі. Хомчанка.

2. Тое, што і лупіць ​1 (у 4 знач.). Да даху і сценах лупцаваў парывісты дождж, абсыпаў шыбы безліччу дробных кропель. Няхай.

лупцану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да лупцаваць.

лупцо́ваны,

гл. лупцаваны.

лупцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Дзеянне паводле дзеясл. лупцаваць (у 1 знач.) і лупіць ​1 (у 2 знач.).

•••

Даць лупцоўку гл. даць.

лупяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да лупіць ​1 (у 2, 3 і 4 знач.). [Сасноўскі] лупянуў каня раз і другі, той.. рвануўся ў галоп і мчаўся па рэдкалессю, як віхор. Чарнышэвіч. [Сабольскі:] — Аграбілі... Тыя — грошы лупянулі, гэтыя — па душу прыйшлі. Пташнікаў. — Будзе дождж — сказаў Сашка. — Доўга не будзе, а — вялікі. Можа нават і з градам.. лупянуць. Ракітны.

лу́сачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да луска.

2. Разм. Асобная пласцінка лускі. Лусачка сасновай кары. Лусачка пупышкі.

3. Мікраскапічная хіцінавая пласцінка на целе некаторых членістаногіх жывёлін (галоўным чынам насякомых).