Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

луза́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да лузаць.

•••

Са скуры лузацца — старацца з усіх сіл.

луза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці (гарбузікі, сланечнік і пад.); лушчыць (у 2 знач.). На адыходзе бабка.. насыпала.. [Стасю] гарбузікаў яшчэ і ў кішэню. — Бяры, унучак, па дарозе будзеш яшчэ лузаць. Вітка.

2. Тое, што і лушчыць (у 1 знач.). Лузаць гарох. □ Да самага снегу мы пакрысе лузалі сухія стручкі [фасолі], малацілі іх на падлозе пранікамі. Сяркоў.

лузга́, ‑і, ж., зб.

Разм. Шалупінне, луска. Лузга сланечніку.

лу́зганне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лузгаць.

лу́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Тое, што і лузаць (у 1 знач.).

луідо́р, ‑а, м.

Старадаўняя французская залатая манета.

[Фр. louis d'or, ад Louis — Людовік (імя французскага караля) і d'or — з золата.]

лук, ‑а, м.

Ручная зброя ў выглядзе гібкай дугі, сцягнутай цецівой, для пуску стрэл. Адразу бацька падае загад: — Не плачце марна! Лук мне дайце, стрэлы! Дубоўка.

лука́, ‑і, ДМ луцэ; мн. лукі, лук; ж.

1. Дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Рачулачка журчыць і булькае па каменнях, загінаецца ў лукі, у абаранкі, у затокі. Бядуля. Лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя.. дубы. Колас.

2. Выгіб пярэдняга ці задняга краю сядла. — Давай, браток, развітаемся. — Трымаючыся за луку сядла, лейтэнант нагнуўся і пацалаваў Мішу. — Я яшчэ вярнуся. Курто.

лукава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае многа лукавін. Лукаватая рака.

лукаві́на, ‑ы, ж.

1. Круты паварот, выгіб (ракі, берага і пад.). Сёння .. [Алег з бацькам] начавалі ў вялізным бары, які стаяў ля крутой лукавіны Дрыгвянкі. Гамолка.

2. Тое, што і лука (у 1 знач.).