пажылы́, ‑ая, ‑ое.
Немалады, у гадах. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Пажылыя мужчыны спалі, загарнуўшыся ў кажухі, а з моладзі рэдка хто і прыдрэмліваў да раніцы. Чарнышэвіч. // Характэрны для немаладога чалавека. Чалавек быў няголены, і гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому позірку вачэй. Мележ.
пажына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. і без дап. Жаць некаторы час; зжынаць што‑н.
2. перан. Атрымліваць здабытак ад чаго‑н. зробленага. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Колас.
•••
Пажынаць лаўры — атрымліваць прызнанне сваіх дасягненняў, сваёй працы і інш.
Пажынаць плады чаго — карыстацца вынікамі зробленага, дасягнутага.
пажырава́ць, ‑руе; зак.
Жыраваць нейкі час; крыху жыраваць. Ён [цецярук] быў абураны, што нейкі Сюды сапернік заляцеў Пажыраваць пупышкай клейкай З яго аблюбаваных дрэў. Танк.
пажыра́льнік, ‑а, м.
Той, хто пажырае, паглынае каго‑, што‑н.
пажыра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пажыраць (у 1 знач.).
пажыра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да пажэрці.
2. перан. Знішчаць, спальваючы (пра полымя, агонь). Полымя.. загуляе па саламяных хрыбтах будынкаў, нібы прагны бязлітасны звер, пажыраючы іх. Брыль.
пажы́так, ‑тку, м.
1. гл. пажыткі.
2. Здабыча, пажыва. [Адам:] — Сюды, проста на кашару, і перліся, нячысцікі. Мабыць, [ваўкі] нюхам вынюхалі, што тут пажытак добры. Сабаленка. // толькі адз.; перан. Тое, што дае матэрыял для думак, размоў і пад. Пажытак для роздуму. □ Стылізаваныя пад фальклор вершы Чачота былі спробай даць селяніну духоўны пажытак, блізкі і зразумелы яму, навучыць яго жыць лепш, багацей. Ярош.
пажы́ткі, ‑аў; адз. пажытак, ‑тку, м.
Дробны скарб, хатнія рэчы. Нескладаныя дзедавы пажыткі ўжо ляжалі на нарах. Колас. Язэп забіў у хаце вокны, скінуў пажытак на воз і пераехаў у мястэчка. Адамчык.
пажы́тнік, ‑у, м.
Род адналетніх або мнагалетніх раслін сямейства бабовых.