Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скры́ўджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скрыўдзіць.

скры́ўдзіць, скрыўджу, скрыўдзіш, скрыўдзіць; зак., каго.

Разм. Тое, што і пакрыўдзіць. [Яначка:] — Скрыўдзіў нас бог: здароўе ў мяне адабраў, ёй вочы засланіў. Крапіва. — Нічога, пане, жывём памаленьку, — адказаў Марцін Краўчонак, — толькі вось пан скрыўдзіць надумаў... Чарот. // Згвалціць. Скрыўдзіць дзяўчыну.

скры́ўленасць, ‑і, ж.

Стан скрыўленага (у 2 знач.).

скрыўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыўляць — скрывіць і стан паводле знач. дзеясл. скрыўляцца — скрывіцца.

2. Скрыўленае месца; згіб, крывізна. Ліквідаваць скрыўленне.

3. перан. Ухіленне. адступленне ад правільнага курсу, парушэнне нормы. Скрыўленне лініі партыі.

скры́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрывіць.

2. у знач. прым. Не прамы, выгнуты. Сям’я рабін да скрыўленага плота Ціснецца. Бядуля. Гэткі ж спакойны .. [Вакула] быў і тады, калі пачаў дапякаць Валодзьку за скрыўленую падлогу. Радкевіч. // Перакошаны. Скрыўлены твар.

скрыўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да скрывіцца.

2. Зал. да скрыўляць.

скрыўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да скрывіць.

скрыць, скрыю, скрыеш, скрые; зак., каго-што.

Утаіць што‑н. ад каго‑н. Скрыць нядобрую вестку. □ Млынар вярнуўся дадому, думаючы пра Стафанковіча як пра шарлатана: «Дрэнна зрабіў, грошы ўзяў і адрас скрыў». Чорны.

скрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Знемагчы, знясілець, доўга крычучы. Дзіця скрычалася.

скрыша́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скрышальнага. Скрышальнасць удару.