скрыжава́нні, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыжаваць.
2. у знач. прым. Які размешчаны крыж-накрыж, мае выгляд крыжа. Ты [гарадок] знарок пабудаваны На дарогах скрыжаваных. Русак. Бохан хлеба ляжаў на канцы доўгага, няшчыльна збітага з дошак стала, падпёртага скрыжаванымі ножкамі. Брыль.
скрыжава́цца, ‑жуецца; зак.
1. Размясціцца крыж-накрыж; перасячыся. З Палескай чыгункай якраз у Гарбылях скрыжавалася другая, якая вяла з пшанічнай Украіны ў багатую лесам Беларусь. Навуменка. Угары вецце сплялося, скрыжавалася чорна-зялёным дахам. Мележ. // перан. Пераплесціся. У вачах Гэлькі скрыжаваліся радасць і страх. Сташэўскі.
2. Спалучыцца адзін з адным у выніку скрыжавання (пра расліны, жывёлу).
3. Зрабіць уплыў адзін на аднаго ў працэсе скрыжавання (пра мовы, гаворкі).
скрыжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак.
1. што. Скласці што‑н. крыжам, крыж-накрыж. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі па грудзях. Мележ. Мікешка сеў на лямцавую пасцілку — кашму з каляровымі ўзорамі, скрыжаваў падкурчаныя ногі. Беразняк.
2. каго-што. Зрабіць скрыжаванне жывёлін або раслін для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку. Скрыжаваць антонаўку з дзікай яблыняй.
•••
Скрыжаваць мячы (шпагі) — пачаць паядынак, бой, спрэчку.
Скрыжаваць позіркі — паглядзець адзін аднаму ў вочы, выказваючы супярэчлівае пачуццё.
скрыжа́ль, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Дошка, пліта з напісаным на ёй тэкстам (пераважна свяшчэнным, культавым).
2. звычайна мн. (скрыжа́лі, ‑ей); перан.; чаго або якія. Пра тое, што захоўвае, куды занесены памятныя падзеі, даты, імёны і пад. Скрыжалі навукі. Скрыжалі гісторыі. □ І славу тую, што ўпісалі мы ў гістарычныя скрыжалі, наш горад панясе ў вякі. Машара. Таемны вы, зямлі скрыжалі! Чаго ў сябе вы не ўпісалі! Колас.
скрыжо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыжоўваць — скрыжаваць.
скрыжо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скрыжавацца.
2. Зал. да скрыжоўваць.
скрыжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скрыжаваць.
скрылёк, ‑лька, м.
Тое, што і скрылік. Скрылёк каўбасы. Скрылёк гурка. □ У газеціне быў загорнуты кавалак хлеба, агурок і скрылёк сала. Асіпенка. Хадакі прыселі на лаўцы каля плота, дасталі з торбы хлеб і па скрыльку сала, каб перакусіць з дарогі. Пальчэўскі.
скры́лік, ‑а, м.
Памянш. да скрыль; невялікі скрыль чаго‑н. для яды. Стол быў небагаты — тонкія скрылікі каўбасы на талерцы, падсмажаная на маргарыне бульба, крупнік, запраўлены кансервамі. Хадкевіч. Тонкія скрылікі бульбы зляталі з нажа ў гарачы тлушч. Савіцкі.
скрыль, ‑я, м.
Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.