кру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.
2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.
3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.
4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).
•••
Кручаны мяч гл. мяч.
Кручаны ўдар гл. удар.
кручкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Загнуты кручком, па форме падобны на кручок. Кручкаватая дзюба.
кручкатво́р, ‑а, м.
Неадабр. Той, хто мае схільнасць да кручкатворства. Не дае Аксён задрамаць сялянам у іх заціснутым жыцці. Катурхае, будзіць іх грамадскую думку, кідае новыя мыслі, падымае на змаганне з няпраўдай, бо сялян ашукалі, абышлі ўсякія кручкатворы-чыноўнікі, панскія прыслужнікі. Колас.
кручкатво́рства, ‑а, н.
Неадабр. Наўмыснае выкарыстанне ўсякіх дробязей, фармальнасцей для зацягвання, заблытвання судовых і адміністрацыйных спраў з карыслівай мэтай. — Хто б ён ні быў і чым бы ён ні кіраваўся, а ён чалавек небяспечны, крамольнік, гэта ясна, прайдоха, не пазбаўлены юрыдычнага кручкатворства, праўда, наіўнага. Колас.
кручко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кручка (у 1, 2 знач.). Кручковыя рыбалоўныя снасці.
кручо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.
2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.
3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.
4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.
5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.
6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.
кру́чча, ‑а, н., зб.
Крукі. Абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. Лынькоў.
кручэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. круціць (у 1, 3, 5 і 9 знач.) і круціцца (у 1, 3 знач.). Кручэнне пражы.
кру́шня, ‑і, ж.
Абл. Куча камення. Яшчэ ў дзяцінстве .. [Лабановіч] любіў сядзець на кучы камення ў полі (гэта куча называлася крушня), слухаць і пазіраць, што адбываецца навокал. Колас.
крушо́н, ‑у, м.
Асвяжальны фруктовы напітак.
[Ад фр. cruchon — маленькі гарлач.]