Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

круцізна́, ‑ы, ж.

1. Уласцівасць крутога (у 1 знач.). Круцізна пад’ёму. Круцізна берага.

2. Крутое месца, абрыў. [Іван] таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб .. [Джуліі], пакінутай унізе, але ўсё ж не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Быкаў.

круці́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для кручэння, звівання чаго‑н. Круцільная машына.

круці́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца кручэннем валакна, пражы, дроту і пад.

круці́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да круцільшчык.

круціхво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і круцёлка (у 2 знач.). То ж трэба думаць, нейкая гадаўка і круціхвостка падабрала вунь якую чыстую, вунь якую далікатную душу! Паслядовіч.

круці́цца, кручуся, круціліся, круціцца; незак.

1. Рухацца па кругу або паварочвацца вакол сваёй восі; вярцецца. Майстар націснуў на кнопку, і свярло з лёгкім гулам пачало круціцца. Кулакоўскі. Вялікі шліфавальны камень пачынае хутка круціцца. Асіпенка. // Варочацца з боку на бок. Хлопчык круціўся, трызніў, мабыць, снілася яму нешта страшнае. Чарнышэвіч. // Беспарадкава рухацца; хадзіць вакол чаго‑н.; кружыцца. — Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш, не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках. Лужанін. Хлопчык бездапаможна круціўся на адным Месцы, адмахваючыся ад сабакі сваёю шапкаю. Арабей. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа думкі, тэмы і пад. Размова Круцілася вакол незразумелых, чужых для слыху слоў: эканамісты, сацыял-дэмакраты, анархізм. Асіпенка. [Засмужац] паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Мележ.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры. Гарэцкі. // Уздымаць снег, пыл і пад.; месці (пра вецер, завіруху і пад.). Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Васілевіч. // Узнімацца ўверх колцамі; віцца (пра пыл, туман і пад.). Застаўшыся ў кузні адзін, Міша глядзеў у задуменні, як над горнам круціўся сівы, гаркаваты дымок. Арочка.

3. Разм. Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., каля каго‑, чаго‑н. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Колас. [Новікаў] круціўся ля канторы і ўедліва дапякаў кожнага, хто трапляўся на вочы. Дуброўскі. // Увіхацца каля каго‑, чаго‑н. Колышаў круціўся каля машыны, ламаючы галаву, відаць, над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Мележ. «Я так і ведаў! — узгарэўся Алесь. — Круціся адзін каля трактара». Шахавец. // Неадступна хадзіць за кім‑н., заляцацца да каго‑н. На гэтым спектаклі мядзведзіцкі настаўнік круціўся ўсё каля Зосі. Крапіва. Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Паслядовіч. // Перашкаджаць, замінаць. Круціцца пад нагамі.

4. Не могучы ўседзець на адным месцы, неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

5. Разм. Быць у пастаянным клопаце. — І не адзін такі я: шумім, круціліся, а толку няма. Колас. Да вечара і да зары І ад зары да вечара Грукочуць МАЗы ў Мазыры і круцяцца дыспетчары. Грахоўскі. — А Сарока — жыве, круціцца цэлымі днямі ў працы, у клопатах. Такім калгасам кіраваць — гэта ж вам не жартачкі. Краўчанка.

6. Разм. Выкручвацца, хітрыць. Арлоўскі як ні круціўся, як ні муліўся, але такі здаўся. Чарнышэвіч.

7. Разм. Быць у любоўных адносінах з кім‑н.; любіцца. — А, усе яны такія, махнуў рукою Булаўка, — або замуж выходзяць, або круцяцца з другімі... Пальчэўскі. На начлезе [Марына], бывала, толькі з хлопцамі і круціцца. Скрыган.

8. Зал. да круціць (у 1 знач.).

•••

Галава круціцца гл. галава.

Круціцца ваўчком — вельмі хутка кружыцца, вярцецца.

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

круць, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў крутнуць і крутнуцца. Конік той круць назад ды дай бог ногі. Ракітны.

круць-верць, выкл. у знач. вык.

Ужываецца для абазначэння хуткіх рухаў, раптоўных паваротаў у розныя бакі. Сымон ні на хвілінку спакойна не ўседзіць. Круць-верць галавой ва ўсе бакі. Бядуля.

•••

Хоць круць-верць, хоць верць-круць — ці так ці гэтак, усё роўна.

кру́ча, ‑ы, ж.

Крутое месца, круты бераг, спуск. Бальніца стаіць на высокім беразе, над самай кручай, і Дняпро — вось ён, унізе. Шамякін. Крохкі, высушаны сонцам глей увесь час асыпаўся з-пад ног, калі яны спускаліся з кручы. Лупсякоў.